Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" 30 мая пачне выконваць рэйсы з Мінска ў Ніжні Ноўгарад



"Белавія" 30 мая пачне выконваць рэйсы па маршруце Мінск — Ніжні Ноўгарад — Мінск, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

"Авіякампанія "Белавія" і аэрапорт Стрыгіна на працягу трох гадоў вялі перамовы аб адкрыцці рэйса ў Ніжні Ноўгарад. Улічваючы, што апошнім часам акрэслілася павелічэнне росту пасажырапатоку ў Расіі, а таксама адсутнасць замежных перавозчыкаў у міжнародным аэрапорце Стрыгіна, было прынятае рашэнне аб адкрыцці рэйса па маршруце Мінск — Ніжні Ноўгарад — Мінск. "Белавія" дасць магчымасць жыхарам Ніжняга Ноўгарада і найбліжэйшых гарадоў падарожнічаць у пункты Еўропы, Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі транзітам цераз Мінск па прывабных тарыфах", — расказаў генеральны дырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоль Гусараў.

Палёты будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень — з вылетам з Мінска ў 23.45 па аўторках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях і прыбыццём у аэрапорт Стрыгіна на наступны дзень у 01.35 (час мясцовы). Зваротны рэйс з Ніжняга Ноўгарада плануецца ажыццяўляць з вылетам у 4.45 па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах з прылётам у нацыянальны аэрапорт Мінск у 6.45. Час у палёце складзе прыблізна дзве гадзіны. Палёты ў Ніжні Ноўгарад плануецца выконваць на паветраных судах Embraer-195 умяшчальнасцю 107 крэслаў.

Кошт білетаў у адзін бок складзе ад 88 еўра, уключаючы таксы і зборы, і ад 156 еўра — туды-назад. Білеты ўжо ў продажы.

Авіякампанія "Белавія" — найбуйнейшы авіяперавозчык Беларусі, месціцца ў нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 49 аэрапортаў 27 краін Еўропы і Азіі. Флот авіякампаніі налічвае 26 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, два Embraer-175, два Embraer-195, чатыры CRJ-100/200).

Стрыгіна — міжнародны аэрапорт федэральнага значэння, які абслугоўвае Ніжні Ноўгарад і Ніжагародскую вобласць. Размешчаны ў заходняй частцы Аўтазаводскага раёна Ніжняга Ноўгарада, за 18 км на паўднёвы захад ад цэнтра горада.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 3 сакавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/42/38804
Текущая дата: 24.12.2024