Белорусский портал в Казахстане

«Белавія» атрымала сертыфікат Расавіяцыі на тэхнічнае абслугоўванне самалётаў расійскіх авіякампаній



Аб гэтым паведамілі ў авіякампаніі.

Федэральнае агенцтва паветранага транспарту Расіі (Расавіяцыя) па выніках сертыфікацыйнай праверкі выдала «Белавія» сертыфікат арганізацыі па тэхнічным абслугоўванні № 285-23-019. Дакумент пацвярджае адпаведнасць дзейнасці беларускай авіякампаніі патрабаванням федэральных авіяцыйных правілаў.

Сертыфікат дазваляе «Белавія» выконваць пэўны пералік работ па аператыўным і перыядычным тэхнічным абслугоўванні паветраных судоў, зарэгістраваных у Расійскай Федэрацыі, а таксама тэхнічнае абслугоўванне асобных катэгорый кампанентаў самалётаў.

Як адзначылі ў авіякампаніі, «Белавія» мае шырокія магчымасці для тэхнічнага абслугоўвання самалётаў. Гэтыя віды работ выконвае асобнае спецыялізаванае падраздзяленне — авіяцыйна-тэхнічная база.

«За гады існавання авіякампаніі мы змаглі сабраць прафесіяналаў высокага ўзроўню, якія праводзяць тэхнічнае абслугоўванне рознага ўзроўню складанасці, — адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец. — Атрыманне гэтага сертыфіката — чарговае пацвярджэнне прафесіяналізму нашага інжынерна-тэхнічнага складу, высокага ўзроўню работы авіяцыйна-тэхнічнай базы і новая ступень для дзейнасці „Белавія“ ў цэлым. Нашы супрацоўнікі гатовыя праводзіць тэхнічнае абслугоўванне іншых кампаній на самым высокім узроўні, забяспечваючы бяспеку палётаў».

Звязда, 15 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/5/69049
Текущая дата: 20.05.2024