Белорусский портал в Казахстане

Дзіцячая чыгунка адкрые сезон 30 красавіка



Дзіцячая чыгунка імя К.С.Заслонава адкрые 68-ы сезон 30 красавіка.

Паведамляецца, што ў 9.30 пройдзе ўрачыстая лінейка для юных чыгуначнікаў. У першы рэйс цягнік з пасажырамі адправіцца ў 11.00. «Сталічны экспрэс» правязе пасажыраў па маршруце ад станцыі Заслонава праз станцыю Піянерская да станцыі Сасновы Бор і назад.

У маі цягнікі на «малой Беларускай» будуць курсаваць у выхадныя дні 1, 6, 7, 8, 9, 14, 20, 21, 27 і 28 мая.

Акрамя падарожжа па дзіцячай чыгунцы юныя госці могуць таксама паспрабаваць сябе ў ролі машыніста. У зале чакання на станцыі Заслонава дзейнічае гульнявы модуль, які імітуе працоўнае месца машыніста — з сапраўднымі органамі кіравання лакаматывам і адлюстраваннем на вокнах-экранах руху па ўчастку чыгункі.

На экране інфармацыйнага кіёска можна прачытаць цікавыя факты з гісторыі дзіцячых чыгунак, разабрацца, чым адрозніваюцца розныя мадэлі рухомага складу, даведацца, што вывучаюць юныя чыгуначнікі ў тэорыі і як потым яны замацоўваюць свае веды на практыцы.

Акрамя таго, цікавасцю ў малых і дарослых карыстаецца вялікі чыгуначны макет, на якім прадстаўлена праца станцыі, рух пасажырскіх і грузавых складаў, праезд аўтамабіляў праз пераезд.

Да Дня Перамогі для мінчан і гасцей сталіцы на Дзіцячай чыгунцы рыхтуецца канцэртная праграма. Яна будзе арганізавана 9 мая на станцыі Заслонава.

Больш падрабязную інфармацыю аб рабоце Дзіцячай чыгункі можна даведацца па тэлефоне (+375 17) 379 65 75, а таксама на сайце.

Звязда, 15 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/5/69056
Текущая дата: 20.05.2024