Белорусский портал в Казахстане

На будаўніцтве другой паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск будуць максімальна задзейнічаны арганізацыі Беларусі



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Прэзідэнт Беларусі 26 сакавіка падпісаў указ нумар 137, якім уносяцца змяненні і дапаўненні ў некаторыя ўказы кіраўніка дзяржавы, што датычацца пытанняў будаўніцтва і рэканструкцыі аб`ектаў Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Дакументам, у прыватнасці, прадугледжваецца ажыццявіць да 2019 года рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы з аб`ектамі дапаможнага прызначэння пад разліковы тып самалёта А-380 з абсталяваннем яе сістэмай дакладнага заходу на пасадку ІІІ катэгорыі. Інвестпраект будзе рэалізаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі і пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Мінтранса, уласных сродкаў РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск", крэдытных рэсурсаў банкаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Функцыі заказчыка па інвестпраекце ўскладзены на РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск". Генеральнай падраднай арганізацыяй па будаўніцтве аб`ектаў нерухомай маёмасці, інжынернай і транспартнай інфраструктуры выступіць ААТ "Дарбудмантажтрэст".

Да 1 студзеня 2019 года будуць вызвалены ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і ПДВ тавары, увезеныя на тэрыторыю краіны і выкарыстаныя для рэалізацыі праекта, а таксама ад ПДВ абароты па рэалізацыі ўдзельнікамі праекта тавараў, работ, паслуг, прызначаных для гэтых мэт.

Як адзначылі ў прэс-службе, прыняцце ўказа дасць магчымасць максімальна ўключыць у рэалізацыю праекта будаўнічыя і прамысловыя арганізацыі краіны і стварыць найлепшыя ўмовы для захавання эканамічных інтарэсаў Беларусі.

27 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/53/30240
Текущая дата: 23.12.2024