Белорусский портал в Казахстане

Boeing дапаможа "Белавія" правесці рэбрэндынг авіякампаніі



Авіякампанія "Белавія" прыняла рашэнне аб правядзенні рэбрэндынгу.

У чэрвені 2014 года "Белавія" і карпарацыя Boeing (ЗША) падпісалі пагадненне аб першай куплі трох новых самалётаў Boeing 737-800 Next-Generation з завода-вытворцы. Чакаецца, што гэтыя самалёты папоўняць флот авіякампаніі на год раней за дамоўны тэрмін — у пачатку 2016 года. 

Як паведаміла прэс-служба беларускай авіякампаніі, Boeing прапанаваў дадатковую опцыю — садзейнічанне ў правядзенні рэбрэндынгу "Белавія". Прапанова зацікавіла кіраўніцтва беларускага авіяперавозчыка: з чэрвеня 2014 года спецыялісты авіякампаніі вядуць працу па падрыхтоўцы да рэбрэндынгу "ў цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі Boeing". 

Паведамляецца таксама, што кіраўніцтва і супрацоўнікі авіякампаніі з цікавасцю ўспрынялі праект рэбрэндынгу "Белавія", прапанаваны ў інтэрнэце беларускім дызайнерам Ільём Андрэевым.

"Белавія" азнаёміла спецыялістаў Boeing з гэтым праектам. У выніку было прынятае рашэнне запрасіць Андрэева да ўдзелу ў сустрэчы рабочай групы авіякампаніі са спецыялістамі Boeing, якая пройдзе ў Мінску 19—20 лістапада. 

"Пытанне рэбрэндынгу ў нас узнімаецца ўжо некалькі гадоў. Яшчэ ніколі мы не былі так блізка да рэалізацыі праекта. Дзякуй нашым партнёраў за прапанову. Мы вельмі цэнім дапамогу Boeing у гэтым пытанні і спадзяемся, што ў нас атрымаецца ўсё рэалізаваць, тым больш рэальная праца ўжо ідзе поўным ходам", — падзяліўся генеральны дырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоль Гусараў. 

Даведка БелаПАН. Карпарацыя The Boeing Company заснаваная ў 1916 годзе. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Чыкага (штат Ілінойс, ЗША). Выпускае шырокі спектр грамадзянскай і ваеннай авіяцыйнай тэхнікі, з`яўляючыся нароўні з Airbus найбуйнейшым вытворцам самалётаў у свеце. Акрамя гэтага, Boeing выпускае шырокі спектр авіяцыйна-касмічнай тэхнікі ваеннага прызначэння (у тым ліку верталёты), вядзе шырокамаштабныя касмічныя праграмы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 31 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/54/27958
Текущая дата: 02.06.2024