Белорусский портал в Казахстане

Аўтамабілі з перавышэннем масы і габарытаў не будуць прапускаць цераз мяжу Беларусі



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Цяжкавагавыя і буйнагабарытныя транспартныя сродкі (ЦБТС) з перавышэннем масы больш як на 10% ці дапушчальных габарытаў не будуць прапускаць цераз дзяржаўную мяжу Беларусі, калі ва ўладальніка не будзе спецыяльнага дазволу. Адпаведная норма ўтрымліваецца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 398 ад 6 жніўня. Дакумент уносіць папраўкі ў ранейшы нарматыўны акт № 613 ад 26 лістапада 2010 года.

Указам прадугледжана, што калі ў вадзіцеля ЦБТС няма спецыяльнага дазволу або ён парушыў маршрут, умовы руху, указаныя ў спецдазволе, то супрацоўнікі Транспартнай інспекцыі затрымаюць транспартны сродак "да прывядзення яго параметраў у адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства", да атрымання спецдазволу, а таксама да ажыццяўлення ўсіх неабходных плацяжоў.

Ва ўказе таксама прыводзіцца пералік дапушчальных восевых мас аўтамабіляў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху ў перыяд абмежаванняў з-за неспрыяльных умоў надвор`я.

Дакумент таксама вызваляе ад платы за праезд тыя ЦБТС, якія выкарыстоўваюцца "для ўтрымання аўтамабільных дарог".

Як адзначаюць у прэс-службе, указ распрацаваны "ў мэтах удасканалення заканадаўства, які рэгулюе рух цяжкавагавых і (ці) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах краіны". "Прыняцце ўказа дазволіць забяспечыць захаванасць аўтамабільных дарог, у тым ліку пры неспрыяльных кліматычных умовах, павялічыць тэрмін службы дарожнага палатна і бяспеку дарожнага руху", — гаворыцца ў паведамленні.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 6 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/56/27002
Текущая дата: 23.12.2024