Белорусский портал в Казахстане

Устаноўлены асобы ўсіх загінулых у ДТЗ у Смалявіцкім раёне



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе СК.

У СК расказалі, што колькасць загінулых застаецца нязменнай - 11 чалавек, сярод іх два непаўналетнія (13 і 14 гадоў). У бальніцы знаходзяцца 9 чалавек з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

У СК адзначылі, што пры вывучэнні асоб пацярпелых устаноўлена, што вадзіцель маршруткі жывы і знаходзіцца ў бальніцы. Першапачатковая інфармацыя аб яго гібелі не пацвердзілася.

Кіроўца МАЗа затрыманы па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, расказалі ў СК.

"Назначаны пазапланавыя праверкі транспартных кампаній па пытаннях арганізацыі перавозак, узята дакументацыя прадпрыемстваў, якім прыналежыць грузавы аўтамабіль і маршрутка, праводзіцца комплекс следчых дзеянняў і экспертных даследаванняў, накіраваных на ўстанаўленне абставін аварыі. Скрупулёзна, літаральна пасекундна, аднаўляецца механізм ДТЗ", - адзначылі ў прэс-службе СК.

20 лютага каля 15.00 на трасе Р69 паблізу Смалявіч здарылася лабавое сутыкненне маршруткі і гружанага МАЗа. У аварыі загінулі 11 чалавек.

Яшчэ дзевяць пацыентаў з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі дастаўлены ў Смалявіцкую ЦРБ. Шэсць пацыентаў - у цяжкім стане, яшчэ тры - з траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці. Дапамогу пацярпелым аказвала брыгада спецыялістаў як Смалявіцкай ЦРБ, так і Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Акрамя таго, у Смалявічы прыбылі спецыялісты з двух РНПЦ - неўралогіі і нейрахірургіі і траўматалогіі і артапедыі.

Пасля стабілізацыі стану пяць пацыентаў былі перавезены ў абласную бальніцу, трое - у Цэнтр спалучанай траўмы БХМП, дзяўчынка - у РНПЦ дзіцячай хірургіі.

На месцы ДТЗ працавалі следчыя абласнога ўпраўлення і цэнтральнага апарату СК з прыцягненнем спецыялістаў ДКСЭ і супрацоўнікаў ДАІ.

Узбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.317 (парушэнне правіл дарожнага руху, што прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб) КК Беларусі.

22 лютага 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/7/68509
Текущая дата: 23.11.2024