Белорусский портал в Казахстане

"Стары Ольса" едуць у тур па ЗША з прэзентацыяй новага альбому



Пасля завяршэння амерыканскага туру гурт прэзентуе альбом "Вада, хмель і солад" і для беларускай публікі – 19 лістапада ў мінскім Палацы прафсаюзаў.

"Стары Ольса" запісалі новы альбом і праз тыдзень адправяцца ў трэці па ліку тур па ЗША. Канцэрты ў штатах пройдуць з 23 жніўня па 23 кастрычніка.

Гэтым разам "Стары Ольса" выступяць у 15 штатах ад заходняга да ўсходняга ўзбярэжжа на розных фестывалях, а таксама з сольнымі канцэртамі. Як і ў папярэдніх турах гурт будзе весці дзённік свайго падарожжа ў сацыяльных сетках. Калі вам цікава, што такое амерыканскія гастролі, падрабязнасці жыцця на колах, на сцэне і за кулісамі, падпісвайцеся на #СтарыОльсаUSA у ВК, Facebook, Instagram.

Альбом "Вада, хмель і солад" — спроба аднавіць дух старажытнага застолля, паказаць, як бавілі час нашыя продкі, што спявалі за святочным сталом. Але, разам з тым, у альбоме і сур`ёзныя песні на гістарычную тэматыку, і балады.  

"Застолле — гэта мастацтва. Нашы продкі былі вельмі здатныя да застолляў, мелі добры густ і імпэт да іх. Вада, хмель і солад — тры неабходныя складнікі самага старога, сапраўднага і ўсімі любімага напою піва, якое аб`ядноўвае ўсе саслоўі, усе народы і ўзросты", — распавялі музыкі пра новы альбом.

Альбом цалкам адпавядае тэматыцы застолляў — ён напоўнены жартоўнымі песнямі, канешне, песнямі пра піва, рыцарскімі і рэлігіёзнымі.

"Вада, хмель і солад" — не проста новы альбом, гэта грунтоўная праца гурта на працягу апошніх некалькіх гадоў. Воляй лёсу, сустрэч і знаходак збіраўся матэрыял для гэтага альбома, апрацоўваўся, крышталізаваўся на канцэртах. І, нарэшце, запісаны ў студыі", — дадалі музыкі.

Прэзентацыя альбома адбудзецца падчас тура гурта ў ЗША і 19 лістапада ў Мінску ў Палацы прафсаюзаў.

Мінск, 17 жніўня 2017
Sputnik 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1/40428
Текущая дата: 03.05.2024