Белорусский портал в Казахстане

Любы горад, красуй у стагоддзях!



Пад такой назвай 17 верасня ў Ашмянах пройдзе свята, прысвечанае 670-годдзю горада.

Пачнецца яно з малебна аб здароўі жыхароў у храме Уваскрасення Хрыстова і ўрачыстай імшы ў касцёле Святога Міхаіла Архангела. Затым па вуліцах пройдзе плац-парад духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы, адбудуцца выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, кветкавых кампазіцый, канцэрты мастацкіх калектываў, шахматна-шашачны турнір.

Па галоўнай плошчы ў шэсці пройдуць працоўныя калектывы, атрымаюць заслужаныя ўзнагароды перадавікі жніва-2011. Гледачоў чакаюць тэатралізаваныя прадстаўленні “Дружная сям’я — шчаслівы горад”, “Будучыня — дзеці і моладзь”.

Свае песні выканае для ашмянцаў вядомы беларускі ансамбль народнай музыкі “Бяседа”, парадуюць майстэрствам тэатр канатаходцаў і гурт “Імпульс”. Будуць працаваць пляцоўкі “Горад дзяцінства” і “Горад майстроў”. Завершыцца свята водна-феерычным шоу.

Лілія Навіцкая, Рэспубліка
14 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1012/9225
Текущая дата: 18.11.2024