Белорусский портал в Казахстане

12 жніўня набудзе моц пастанова Саўміна, якой дапушчальны для вадзіцеляў узровень утрымання алкаголю ў крыві зніжаецца з 0,5 да 0,3 праміле



12 жніўня набудзе моц пастанова Савета міністраў Беларусі, згодна з якой дапушчальны для вадзіцеляў узровень утрымання алкаголю ў крыві зніжаецца з 0,5 да 0,3 праміле.

Гэтая мера, мяркуюць ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі, дазволіць палепшыць сітуацыю на дарогах, выкараніць такое паняцце, як "астаткавая з`ява".

ДАІ нагадвае, што за кіраванне транспартным сродкам у стане ап`янення вадзіцель прыцягваецца да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 15 да 35 базавых велічыняў (ад 525 тысяч да 1 мільёна 225 тысяч рублёў) з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады. Калі нецвярозы вадзіцель да таго ж не мае права кіравання, то караецца штрафам у памеры ад 25 да 45 базавых велічыняў (ад 875 тысяч да 1 мільёна 575 тысяч рублёў). За паўторнае на працягу года кіраванне ў нецвярозым стане вадзіцель прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.

Паводле звестак УДАІ МУС, колькасць вадзіцеляў, якія ў першым паўгоддзі ў нецвярозым стане селі за руль і былі затрыманы інспектарам ДАІ, перавысіла 25 тысяч чалавек. За гэты ж час па віне п`яных вадзіцеляў на дарогах Беларусі загінулі 73 чалавекі, 341 атрымаў траўмы і калецтвы.

Летась на дарогах было выяўлена каля 5 тысяч вадзіцеляў, якія селі за руль у нецвярозым стане паўторна на працягу года.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1033/7955
Текущая дата: 18.11.2024