Белорусский портал в Казахстане

Міхаіл Мясніковіч запрасіў расійскі і казахстанскі бізнес удзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў



Прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы 12 ліпеня ў Маскве на канферэнцыі дзелавых колаў краін Мытнага саюза, заклікаў расійскі і казахстанскі бізнес удзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

"Мы запрашаем бізнес-супольнасці Расійскай Федэрацыі і Казахстана да актыўнай прыватызацыі ў Рэспубліцы Беларусь, — цытуе Мясніковіча РІА Новости. — Хацелі б вылучыць шэраг кірункаў, у першую чаргу хімічную прамысловасць, таму што, мне здаецца, мы занадта зацыкліліся на пытаннях нафтаперапрацоўкі і гандлі нафтапрадуктамі".

Як адзначыў прэм`ер, могуць быць прыватызаваныя аб`екты фармацэўтыкі, мікраэлектронікі і мабільнай сувязі. Ён не выключыў і прыватызацыі ў сферы машынабудавання і металургіі.

Мясніковіч таксама заявіў пра неабходнасць фарміравання адзінага абароннага заказу ўсімі дзяржавамі — членамі Мытнага саюза. "Калі яго не будзе, то не будзе ВПК аб`яднанага, і аб`яднанае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва будзе непаўнацэнным", — сказаў ён.

Закранаючы эканамічную сітуацыю ў Беларусі, кіраўнік урада запэўніў замежны бізнес, што краіна справіцца з эканамічнымі праблемамі за два-тры месяцы.

"Маё выступленне будзе няпоўным, калі не спыніцца на тых складанасцях, што існуюць на валютным рынку Рэспублікі Беларусь. Але ў нас цяпер пасля дэвальвацыі нацыянальнай валюты актывізаваўся экспарт, і ў гэтым плане той разрыў, які назіраўся ў плацежным балансе, ён выглядае ўжо лепш. Думаю, што мы рэальна можам пераадолець усе нявырашаныя пакуль пытанні на працягу літаральна дзвюх-трох месяцаў", — сказаў Мясніковіч. "Гэта тычыцца і палітыкі абменнага курсу, гэта тычыцца і выраўноўвання цэн і многіх іншых важных фактараў", — растлумачыў ён.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 ліпеня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1034/7883
Текущая дата: 18.11.2024