Белорусский портал в Казахстане

Мінінфарм адклікаў іск аб спыненні выпуску "Народнай волі"



Міністэрства інфармацыі Беларусі адклікаць сваю іскавую заяву аб спыненні выпуску газеты "Народная воля". З адпаведным хадайніцтвам выступіў 13 ліпеня на пасяджэнні Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) прадстаўнік Мінінфарма.

Суддзя Алена Маёрава задаволіла хадайніцтва міністэрства.

Іскі аб спыненні выпуску недзяржаўных газет "Народная воля" і "Наша ніва" Мінінфарм падаў у ВГС у канцы красавіка. Фармальнай падставай для гэтага стаў артыкул 51 закона "Аб сродках масавай інфармацыі", які прадугледжвае спыненне выпуску выдання ў выпадку вынясення рэдакцыі на працягу двух і больш пісьмовых папярэджанняў. Папярэджанні былі вынесеныя "Народнай волі" за публікацыю матэрыялаў, дзе крытыкавалася ўлада.

Каментуючы рашэнне Мінінфарма аб адкліканні іску, галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч зазначыў, што ўлады, хутчэй за ўсё, палічылі патрэбным замест закрыцця пакараць газету эканамічна. Ён паведаміў, што ўчора ў рэдакцыю прыходзілі супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама, якія склалі пратакол аб адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да юрыдычнай асобы, што прадугледжвае шматмільённыя штрафы.

Сярэдзіч упэўнены ў тым, што "Народная воля" працуе прафесійна і ў адпаведнасці з законам. "Больш асцярожным быць нельга. Вядома, рэдактар павінен азірацца на пэўныя акалічнасці, але я не магу ўзяць на сябе абавязак цэнзара. Мы дзейнічалі і будзем працягваць дзейнічаць прафесійна", — падкрэсліў ён.

Як паведамлялася раней, 12 ліпеня Мінінфарм адклікаў аналагічны іск да газеты "Наша ніва".

Вечарам на сайце Мінінфарма з`явілася афіцыйнае паведамленне, у якім тлумачацца прычыны адклікання іску аб спыненні выпуску "Нашай нівы". Аказваецца, іск адкліканы, "улічваючы зварот рэдакцыі выдання і магчымасць пазасудовага ўрэгулявання сітуацыі, зыходзячы з прынцыпу свабоды масавай інфармацыі".

"Разам з тым падкрэсліваем, што патрабаванні Міністэрства інфармацыі да рэдакцыі гэтага СМІ абгрунтаваныя і прад`яўленыя ў адпаведнасці з нормамі закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" ў сувязі з неаднаразовым парушэннем яго палажэнняў", — гаворыцца ў паведамленні Мінінфарма.

Міністэрства "заклікае ўсе сродкі масавай інфармацыі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, няўхільна выконваць заканадаўства, а таксама кіравацца нормамі прафесійнай этыкі журналіста і агульнапрынятымі нормамі маралі".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 13 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1034/7918
Текущая дата: 18.11.2024