Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка не выключае, што з 1 ліпеня кошт ААТ "Беларуськалій" узрасце



Аляксандр Лукашэнка ацэньвае кошт ААТ "Беларуськалій" у 30 млрд. долараў і не выключае, што з 1 ліпеня гэтая сума будзе індэксавацца з улікам інфляцыі долара. Пра гэта ён заявіў 10 чэрвеня на нарадзе па пытаннях развіцця прадпрыемства.

"Мы абсалютна не супраць продажу пакетаў акцый акцыянерных таварыстваў, у тым ліку "Беларуськалія", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Што тычыцца "Беларуськалія", то я дакладна сказаў: 30 млрд. долараў на стол, а з 1 ліпеня гэтая сума будзе індэксавацца на ўзровень інфляцыі долара".

Лукашэнка растлумачыў, што, паколькі ідзе інфляцыя, гэтая сума ўвесь час будзе індэксаваццца. "Гэта значыць цана "Беларуськалія" з 1 ліпеня можа быць не 30 млрд. долараў, а 30 млрд. 10 млн. Калі ў вас ёсць гэтая сума — заўтра вы гаспадары гэтага камбіната", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што "пару пакупнікоў" гатовы заплаціць такую суму. "Ну што ж, добра, няхай прыязджаюць", — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што "ніхто нікому задарма або бясплатна ніводнае прадпрыемства, не толькі "Беларуськалій", не аддасць".

Нагадаем, амерыканскае выданне The Wall Street Journal 8 чэрвеня паведаміла, што Беларусь абмяркоўвае продаж ААТ "Беларуськалій" з інвестарамі з Кітая і Расіі. Паводле інфармацыі крыніцаў выдання, у апошні тыдні перамовы з беларускім урадам аб куплі кантрольнага пакета акцый "Беларуськалія" вёў расійскі мільярдэр, уладальнік кампаніі "Уралкалій" Сулейман Керымаў. Аднак пазіцыі бакоў наконт цаны пакуль далёкія адна ад адной, зазначала выданне.

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў падчас прэс-канферэнцыі 9 чэрвеня ў Мінску не выключыў удзелу расійскіх кампаній у прыватызацыі "Беларуськалія". "Калі Беларусь вырашыць выставіць на продаж нейкі пакет акцый "Беларуськалія", то не выключаю, што расійскія калійныя кампаніі будуць браць удзел у таргах, калі гэта будзе ўяўляць цікавасць", — сказаў ён.

Разам з тым расійскі дыпламат не змог пацвердзіць інфармацыю аб магчымым продажы кантрольнага пакета акцый "Беларуськалія" Керымаву.

Пры гэтым сёння расійская газета "Ведомости" са спасылкай на "інфармаваныя крыніцы" паведаміла, што кампанія "Уралкалій" можа выдзеліць "Беларуськалію" крэдыт на 1 млрд. долараў тэрмінам на паўтара года.

Паведамляецца, у прыватнасці, што аб выдзяленні крэдыту Сулеймана Керымава папрасіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 8 чэрвеня.

Упершыню аб магчымым продажы "Беларуськалія" Лукашэнка заявіў у маі 2010 года ў інтэрв`ю агенцтву Рэйтар.

У чэрвені таго ж года першы віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка паведаміў, што Беларусь гатова прадаць чвэрць акцый "Беларуськалія" за 6—7 млрд. долараў.

У жніўні 2010 года РУП "ВА "Беларуськалій" было пераўтворана ў ААТ, 100% акцый якога належаць дзяржаве. Тады ж Сямашка заявіў, што Беларусь не мае намеру спяшацца з продажам гэтага прадпрыемства. "Што тычыцца продажу пэўнага пакета акцый, то гэта магчыма", — дадаў ён.

У лістападзе мінулага года старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў паведаміў, што ўвесь пакет акцый ААТ "Беларуськалій" ацэнены ў 30 млрд. долараў ЗША. Ацэнку рабілі беларускія дзяржаўныя эксперты.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1045/7084
Текущая дата: 18.11.2024