Белорусский портал в Казахстане

Шклоўскія аграрыі збіраюцца засеяць Смаленскую і Цвярскую вобласці



Адначасова з пачаткам веснавой сельскагаспадарчай палявой кампаніі Магілёўскую вобласць наведалі ажно дзве дэлегацыі з Расіі.

Ударным фронтам – на расійскую зямлю

Так, у Шклоўскі раён завітаў амбасадар РБ у Расійскай Федэрацыі Васіль Даўгалёў і, як паведаміла мясцовая раённая газета "Ударны фронт", разам з ім прадстаўнікі Смаленшчыны: кіраўнік муніцыпальнай установы "Мушкавіцкае сельскае пасяленне" Андрэй Азаранкаў і дырэктары сельгаспрадпрыемстваў "Мушкавічы" і "Сапрыкіна" Людміла Азаранкава і Генадзь Усачоў.

Госці сустрэліся, у прыватнасці, з першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Алегам Чыкідам, старшынёй Шклоўскага райвыканкама Аляксандрам Бойкам дый іншымі.

Як паведамілі расійскія госці, на тэрыторыі іх гаспадарак у Ярцаўскім раёне Смаленскай вобласці ёсць шмат свабодных земляў, прыдатных для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, а вось трактароў і глебаапрацоўчых агрэгатаў не хапае. Вось яны і прапанавалі шклоўскім аграрыям адрадзіць сумеснымі намаганнямі свае калгасныя палі.

Была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб тым, што ўжо сёлета пачнуцца работы на плошчы 660 гектараў, дзе спачатку плануецца знішчыць пустазелле, а потым узараць гэтую тэрыторыю і падрыхтаваць пад пасеў проса і азімага рапсу. Таксама было вызначана, што ў далейшым колькасць плошчаў для сумеснай апрацоўкі будзе даведзена да некалькіх тысяч гектараў.

Газета "Ударны фронт" паведаміла, што, згодна з меркаваннем кіраўніцтва Шклоўскага раёна, праект будзе выгадны і расіянам, і мясцовым аграрыям, бо на Шклоўшчыне ў бліжэйшыя 2-3 гады ў сувязі з масавым будаўніцтвам жывёлагадоўчых комплексаў пагалоўе буйной рагатай жывёлы і свіней павялічыцца ў разы. Адпаведна павялічацца і патрэбы ў кармах, на вытворчасць якіх пасяўных плошчаў у Шклоўскім раёне будзе не хапаць.

Калі глядзець цвярозым вокам

Праўда, калі глядзець на ўсё гэта "незасмечаным" ідэалогіяй "братэрства" вокам, то застаецца абсалютна незразумелым, чаму трэба ўкладваць вялікія грошы і працу беларускіх спецыялістаў у "пад`ём" расійскага Нечарназем`я. Тым больш што ў суседніх з Шклоўскім раёнах Магілёўшчыны процьма зямлі, якую можна было б выкарыстоўваць для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Падлягае вялікаму сумневу эканамічная абгрунтаванасць вытворчасці прадукцыі і яе далейшай дастаўкі ў Шклоўскі раён з адлегласці 120 кіламетраў (адлегласць ад Ярцаўскага раёна Смаленскай вобласці да Шклова). Хіба аграрыям Шклоўшчыны больш няма куды дзець грошы, акрамя таго як "закапаць" іх у расійскае Нечарназем`е?..

Дададзім, што нядаўна Шклоўскі раён наведала яшчэ адна расійская дэлегацыя — з Аленінскага раёна Цвярской вобласці. Госці наведалі лепшыя аграгарадкі Александрыю і Гарадзец, пасля чаго намеснік кіраўніка Аленінскага раёна Аляксей Смірноў прапанаваў разгледзець пытанне аб сумеснай апрацоўцы зямлі і вырошчванні сельгаспрадукцыі на тэрыторыі "свайго" раёна. Для гэтых мэт там гатовы выдзеліць да дзесяці тысяч гектараў сельгасугоддзяў.
______________________________
Меркаванне спецыяліста

Задумка стварэння беларускага калгаса на смаленскай зямлі ў галовах чыноўнікаў сядзіць ужо даўно. Нядаўна ў Смаленску прагучала заява прадстаўніцтва МУС аб тым, што гэты працэс знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Я лічу, што гэтая акцыя — палітычная і павінна прадэманстраваць расіянам эфектыўнасць беларускага калгасніцтва. На рэалізацыю гэтага праекта пойдуць мільярды рублёў, пасля чаго кошты выдаткаў, як звычайна, будуць замоўчаны, а ў выніку атрымаецца карцінка добрага ўраджаю. Самі ж расіяне працуюць паводле прынцыпу самаакупляльнасці, і такіх эксперыментаў (хоць яны больш заможныя за нас) не праводзяць. Мясцовым дзеячам на ніве сельскай гаспадаркі можна параіць толькі адно: займіцеся праблемамі тут, на сваёй зямлі. Перш за ўсё трэба спыніць практыку "прыпісак" і нарэшце даведацца аб рэальнай сітуацыі ў аграрным сектары. Неабходна выкарыстоўваць тэхналогію вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі — вось дзе рэзервы, з паржышчавымі культурамі!

Пакуль жа нізкі ўзровень кіравання сельгаспрадпрыемствамі прыводзіць ў нас да таго, што 50% комплексаў не забяспечваюць тэхналагічна вызначанага аб`ёму вытворчасці. Не закранаю ў гэтым каментары такіх пытанняў, як матывацыя працаўнікоў, міграцыйныя патокі, прадпрымальніцкія перавагі. Паўтаруся: разбярыцеся са сваімі праблемамі! Расія ўжо мае зайздросныя для нас тэмпы забеспячэння насельніцтва ўласнымі прадуктамі харчавання. Няўжо нам выгадна вазіць кармы за сотні кіламетраў? Колькі ж спатрэбіцца сродкаў, высілкаў і часу, каб аднавіць занядбаныя землі ў расійскай глыбінцы?

Зрэшты, забыўся: прыпіскі — яны ж і ў Расіі прыпіскі...


Пётр Мігурскі,
кандыдат эканамічных навук, дацэнт, былы старшыня адной са шклоўскіх гаспадарак

_____________________________
Іван Барысаў
ТУТ і ЦЯПЕР 
5 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1056/6388
Текущая дата: 17.11.2024