Белорусский портал в Казахстане

Анатоль Лябедзька: Я не падпісваў ніякіх папер узамен на вызваленне



Анатоль Лябедзька не падпісваў ніякіх папер узамен на сваё вызваленне са следчага ізалятара КДБ. Пра гэта лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі паведаміў 7 красавіка перад пачаткам пасяджэння нацыянальнага камітэта АГП.

Лябедзьку адпусцілі прыкладна ў 22.30 6 красавіка пад падпіску аб нявыездзе.

Паводле слоў Лябедзькі, у першыя дні пасля затрымання следчыя прапаноўвалі яму напісаць "нейкі пакаянны ліст" або выступіць у дзяржаўных СМІ з заявай, абяцаючы ўзамен вызваленне з СІЗА. На гэта Лябедзька, паводле яго слоў, адказаў, што хутчэй "адгрызе сваю правую руку", чым выступіць з такімі заявамі".

Лябедзька не лічыць сябе вінаватым. "Я спытаў у следчага, ці падобны я на вярблюда? Ён сказаў: "Натуральна, не". Я таксама гавару, што на вярблюда я не падобны. Таму, калі вы лічыце, што я вярблюд, ну даказвайце, што я вярблюд", — сказаў палітык.

Ён таксама паведаміў, што ўчора, перад тым як яго выпусцілі з СІЗА, на сустрэчы са следчым высветлілася, што ў КДБ няма яго пашпарта. "Таму невядома, ці сядзеў у СІЗА КДБ уласна Анатоль Лябедзька", — сказаў лідар АГП.

Ён таксама распавёў аб умовах утрымання ў следчым ізалятары КДБ. "Ставілі на расцяжку, прымушалі распранацца, рабілі выпрабаванні холадам і святлом. Але калі чалавек мужны, ён гэта вытрымае. Калі ў мяне патрабавалі расставіць ногі на 70 сантыметраў, я ўставаў на расцяжку на метр трыццаць. Некаторыя ахоўнікі нават забаранілі мне займацца фізічнымі практыкаваннямі. У камеры я адціскаўся да тысячы разоў. Апрача таго, спрабаваў танцаваць. Некаторыя ахоўнікі звярталіся да мяне ветліва — "Анатоль Уладзіміравіч", а некаторыя перашкаджалі танцам", — паведаміў лідар АГП.

Паводле слоў палітыка, пры змяненні меры стрымання ніякага новага абвінавачання яму не выставілі. "Мне па-ранейшаму інкрымінуюць артыкул 293 ("Масавыя беспарадкі"). Пры гэтым Лябедзька не змог адказаць, якая менавіта частка гэтага артыкула яму інкрымінуецца, бо за некалькі месяцаў знаходжання ў СІЗА ён толькі "пару разоў сустракаўся са следчым".

На просьбу пракаментаваць вядомую заяву экс-кандыдата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука, зробленую ім 20 снежня, Лябедзька сказаў, што пакуль не гатовы даваць каментарыі, таму што не валодае поўнай інфармацыяй і з Раманчуком не размаўляў.

Нагадаем, Лябедзька — давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты ад АГП на выбарах-2010 Яраслава Раманчука — з`яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Ён быў затрыманы ў сталіцы ў ноч з 19 на 20 снежня ва ўласнай кватэры і дастаўлены ў СІЗА КДБ. 6 красавіка прыкладна ў 22.30 палітыка выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Раней пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ былі адпушчаныя экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч і рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, якім удалося выехаць за мяжу. Міхалевіч атрымаў палітычнае прыстанішча ў Чэхіі. Радзіна таксама папрасіла палітычнага прыстанішча ў адной з еўрапейскіх краін (у якой — пакуль не паведамляецца) і зараз чакае адказу на сваю просьбу ў лагеры для бежанцаў.

Пад падпіскай аб нявыездзе таксама знаходзяцца былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Сяргей Вазняк.

Яшчэ два фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі адпушчаныя з СІЗА КДБ пад дамашні арышт — экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў і карэспандэнт расійскай "Новой газеты" Ірына Халіп, жонка былога кандыдата Андрэя Саннікава.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1067/5797
Текущая дата: 17.11.2024