Белорусский портал в Казахстане

Насенне опійнага маку перастануць пускаць на тэрыторыю Беларусі?



Рыхтуецца нарматыўны акт, які забароніць бесперашкодна ўвозіць у краіну так званыя "бубкі" — сыравіну для самага папулярнага ў нас ін`екцыйнага наркотыку

Ужо больш за сем гадоў у Беларусі распаўсюджваюцца паўлегальныя "бубкі" — насенне маку, штучна насычанае опіем.

Наркаспажыўцы купляюць гэтую сыравіну і ў хатніх умовах з дапамогай хімічнага растваральніка гатуюць наркатычны раствор — так званую "шырку". Па словах беларускіх нарколагаў, "шырка" ўтрымлівае апіоіды (кадэін, марфін, монаацэцілмарфін), якія выклікаюць залежнасць, аналагічную гераінавай.

Яшчэ ў 2009 годзе, па звестках Міністэрства аховы здароўя, 70% беларускіх наркаспажыўцоў спажывалі "бубкі".

У беларускай прэсе друкаваліся страшныя лічбы па ін`екцыйных наркаспажыўцах (амаль усе яны "бубачнікі") — больш за 140 тысяч чалавек.

"Бубкі" ў вялізных аб`ёмах завозіліся на тэрыторыю Беларусі. Наша заканадаўства дагэтуль не забараняе гэтага рабіць.

І вось з`явілася інфармацыя пра тое, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі "бруднага" маку можа быць нарэшце забаронены. Гэтую інфармацыю журналісту "Звязды" пацвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

— Прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб увогуле забараніць увоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь маку, які не адпавядае ДАСТу. Адказнасць за прапрацоўку гэтага нарматыўнага акта рашэннем каардынацыйнай рады ўскладзена на Мытны камітэт, — распавядае Васіль ЛОСІЧ, намеснік начальніка Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі. — У нас адбылася працоўная сустрэча, аформленая пратаколам. Мытнаму камітэту было даручана выпрацаваць праект нарматыўнага акта, які, спадзяюся, будзе прыняты пастановай Савета Міністраў.

У мінулым годзе на старонках "Звязды" выйшла журналісцкае расследаванне "Ці прадаецца самы папулярны ў Беларусі наркотык на кожным кроку?" (нумар за 26 кастрычніка 2010 года). Журналіст "Звязды" купіў "бубкі" ў шэрагу месцаў: у кіёску непадалёк ад цэнтра Мінска, на рынку "Ждановічы", на кропцы ў адным з райцэнтраў. Пазней журналіст здолеў трапіць у наркапрытон і сваімі вачыма пабачыў, як наркаспажыўцы гатуюць "шырку"...

Чаму "бубкі" заваявалі такую папулярнасць у Беларусі? Доўгі час барыгі свабодна гандлявалі опійным насеннем маку, і пакараць іх было амаль немагчыма. Дробныя штрафы адбіваліся вельмі хутка, і макавыя гандляры працягвалі, не хаваючыся, збываць наркатычнае насенне беларусам.

26 ліпеня мінулага года быў прыняты новы дзяржаўны стандарт па харчовым маку. Любыя дамешкі (найчасцей барыгі прадавалі насенне, перамяшанае з макавай саломкай) былі забаронены. З таго моманту прадаць можна было толькі расфасаваны харчовы мак у пакетах вагой да 200 грамаў. Макам па законе могуць займацца толькі афіцыйныя вытворцы або юрыдычныя асобы, якія маюць сертыфікат адпаведнасці на серыйную вытворчасць. Але барыг гэта не спыніла. Продаж працягваўся, а даказваць, што наркагандляр мае намер збыць менавіта опійны мак, было вельмі складана. Пра канкрэтныя крымінальныя справы, якія скончыліся абвінаваўчымі прысудамі, журналісты так і не даведаліся.

Міністэрства ўнутраных спраў яшчэ ў сярэдзіне 2000-х прапаноўвала варыянты, як вырашыць у Беларусі праблему з "бубкамі". Але не ўсе ведамствы пайшлі насустрач міліцыі.

Такім чынам, супрацоўнікам упраўленняў і аддзелаў па наркакантролі заставалася толькі выкрываць дробныя прытоны. А опійнае насенне маку дагэтуль пастаўляецца ў краіну і заваёўвае новых і новых прыхільнікаў.

Які закон абароніць краіну ад "бубак"?

"Звязда" ўжо не раз друкавала прапановы па вырашэнні праблемы. Асноўныя тэзісы рыхтаваліся пры дапамозе прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, міліцыі і медыкаў.

Цудоўна, калі новы нарматыўны акт забароніць увоз у краіну маку, які не адпавядае дзяржаўным стандартам. Але ж "бубкі" таксама бываюць рознымі. Па словах саміх наркаспажыўцоў, з якімі сустракаўся журналіст "Звязды", здаралася, у краіне з`яўлялася апыленае опіем насенне без аніякіх дамешкаў макавай саломкі. І высветліць на вока, ці адпавядае такі мак дзяржаўным стандартам, складана.

Таму міліцыя даўно прапаноўвала манапалізаваць пастаўкі харчовага маку ў Беларусь. Даць права ўвозіць прадукт не кожнаму сустрэчнаму, а толькі некалькім абраным арганізацыям.

 Яшчэ адна праблема — адкрытыя межы. І супольная мытная прастора яшчэ больш аблегчыць пастаўкі "бубак" у Беларусь. Тым больш што "бруднае" насенне пастаўляецца пераважна з Усходу.

Што застаецца ў гэтым выпадку? Правяраць вагоны, фуры, рабіць экспертызы маку (у нас ёсць усе ўмовы правяраць, ці насычана насенне опіем) і расцэньваць спробы правозу "бубак" як кантрабанду наркотыкаў.

Калі ў нарматыўных актах па барацьбе з распаўсюджваннем наркаманіі "слізкія" моманты будуць улічаны, гэта будзе відавочны крок наперад.

Яўген Валошын
Звязда
9 красавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1067/5828
Текущая дата: 17.11.2024