Белорусский портал в Казахстане

Дарогі, якія мы выбіраем



Начальнік УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі на сваёй прэс-канферэнцыі выказаў занепакоенасць загружанасцю транспартам Магілёва, праблемай для жыхароў горада сталі паркоўка і заторы.

Цяпер у абласным цэнтры зарэгістравана каля 90 тысяч легкавых аўтамабіляў. Штогод прырост складае каля 5 тысяч аўтамабіляў: за апошнія 4 гады, паводле статыстыкі, стала на 25 тысяч аўтамабіляў болей.

— З усіх паведамленняў, якія паступаюць ад грамадзян на дзяжурную частку ДАІ, 45% датычацца няправільнай паркоўкі аўтамабіляў, — адзначыў Міхаіл Неўмяржыцкі. — Людзі скардзяцца, што аўтаўладальнікі кідаюць свае машыны на праездах і зялёных газонах. Таму нядаўна разам са старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Станіславам Барадаўкам абмеркавалі шэраг мераў па паляпшэнні сітуацыі.

Пры рэканструкцыі дваравых тэрыторый будуць пашырацца мясцовыя праезды, на вуліцах Магілёва з`явяцца дадатковыя парковачныя месцы з частковым заездам на тратуар. Маюць намер інспектары ДАІ выкарыстоўваць і адміністрацыйны рэсурс: сёння, калі штрафы, асабліва за паўторнае парушэнне, сталі значнымі, спагнанні становяцца адчувальным сродкам ціску на дысцыплінаванасць вадзіцеляў.

Акрамя гэтага, гарадскія ўлады набываюць сучасны эвакуатар з поўнай пагрузкай аўтамабіля. Гэта дарагая тэхніка — яе кошт перавышае 250 мільёнаў рублёў. Аднак такі эвакуатар дазволіць разгрузіць вуліцы горада ад няправільна прыпаркаваных аўтамабіляў, якія ствараюць праблемы для дарожнага руху.

Журналісты таксама ўзнялі на прэс-канферэнцыі праблему дрэнных дарог. Вуліцы нават у цэнтры Магілёва не з`яўляюцца бездакорнымі. А яміны на мікрараёнах ужо трэба вывучаць па спецыяльнай карце. Таму аўтаўладальнікі напружана чакаюць вясны і рамонту дарог.

Дарожныя праблемы, зразумела, тлумачацца вялікімі матэрыяльнымі выдаткамі на капітальны рамонт. ДАІ бачыць тут сваю ролю ў тым, каб працаваць з кіраўнікамі арганізацый, якія адказваюць за дарогі. Толькі за адзін месяц да адміністрацыйнай адказнасці за нездавальняючы стан дарог прыцягнута 70 афіцыйных асоб.

Міхаіл Неўмяржыцкі таксама закрануў і іншыя праблемныя пытанні, якія хвалююць ДАІ і аўтаўладальнікаў. Напрыклад, ажыятаж з атрыманнем вадзіцельскіх пасведчанняў новага ўзору. Кіраўнік Магілёўскай ДАІ папрасіў жыхароў Магілёўскай вобласці не спяшацца на абмен і не ствараць штучныя заторы з выдачай новых пасведчанняў:

— Я хачу звярнуць увагу, што абавязковы абмен вадзіцельскага пасведчання не патрабуецца. Пасведчанні, якія былі выданы раней, будуць пацвярджаць права ўладальніка на кіраванне транспартнымі сродкамі ўвесь час іх дзеяння. Яны абменьваюцца па жаданні, але, пакуль сістэма яшчэ не зусім наладжана, варта крыху пачакаць і зрабіць абмен у больш спакойнай абстаноўцы, крыху пазней.

Звязда
22 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1081/4664
Текущая дата: 16.11.2024