Белорусский портал в Казахстане

Дзяржпагранкамітэт Беларусі будзе максімальна сурова караць украінскіх нелегалаў, якія высякаюць беларускія лясы



У Дзяржаўным пагранічным камітэце Беларусі разглядаюць магчымасць прымянення больш строгіх мер пакарання да ўкраінскіх нелегалаў, якія высякаюць беларускія лясы, аж да прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка.

Зараз пасля затрымання на беларускай тэрыторыі парушальнікаў проста перадаюць украінскім пагранічнікам.

Паводле слоў Цішчанкі, неабходнасць жорсткага рэагавання на парушэнні на беларуска-ўкраінскай мяжы стала відавочнай пасля высечкі трох гектараў лесу 19 лютага на тэрыторыі дзяржаўнага ландшафтнага заказніка "Ольманскія балоты" Палескага лясгаса. Павалены былі прыблізна тысяча соснаў, частка драўніны была вывезена на сумежную тэрыторыю.

Дапамагло выявіць незаконную высечку лесу ў прамысловых маштабах верталётнае патруляванне. З паветра было добра бачна, як прыкладна 20 чалавек валілі дрэвы, яшчэ пяць парушальнікаў з дапамогай трактара, аўтамабіля, двух матацыклаў і чатырох гужавых павозак іх вывозілі. Асабліва ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі абураны тым фактам, што ў непасрэднай блізкасці ад месца высечкі размяшчаецца ўкраінскі пагранічны пост, аднак пагранічнікі ніяк не адрэагавалі ні на парушэнне мяжы, ні на незаконную высечку на беларускай тэрыторыі.

Мясцовасць, дзе праведзена высечка, з беларускага боку цяжкапраходная, патруляваць гэты ўчастак вельмі цяжка. З украінскага — доступ вольны.

Толькі па папярэдніх падліках сума ўрону склала больш як 63 млн. рублёў. На месца высечкі лесу для перадачы слядоў былі запрошаны прадстаўнікі Дзяржпагранслужбы Украіны. Па факце высечкі праводзіцца аднабаковае расследаванне.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1082/4599
Текущая дата: 16.11.2024