Белорусский портал в Казахстане

Марскі флот пад сцягам Беларусі



Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам зарэгістравана закрытае акцыянернае таварыства "Белмарфлот" — першая ў краіне марская суднабудаўнічая кампанія. 70 працэнтаў акцый у статутным фондзе належаць швейцарскай карпарацыі, 30 працэнтаў — іншым замежным інвестарам.

ЗАТ "Белмарфлот" — рэзідэнт Рэспублікі Беларусь, асноўнай задачай якога з`яўляецца эксплуатацыя марскіх суднаў, узятых у арэнду і ўкамплектаваных пераважна беларускімі экіпажамі. У далейшым асновай флоту стануць марскія судны, якія будуць набывацца кампаніяй ва ўласнасць на ўмовах фінансавага лізінгу. Новыя судны будуць будавацца на суднаверфях Кітая і Харватыі. Фінансаванне пабудовы плануецца весці як за кошт уласных сродкаў акцыянераў, так і з прыцягненнем сродкаў у рамках адкрытай для Рэспублікі Беларусь кітайскай крэдытнай лініі. Швейцарская карпарацыя ўжо мае суднабудаўнічы завод у Сербіі. Гэта адно з буйнейшых такіх прадпрыемстваў у Паўднёвай Еўропе. Карпарацыя плануе інвеставаць на працягу 5-7 гадоў у будаўніцтва новых марскіх суднаў 100 мільёнаў долараў ЗША і разлічвае на прыбытак ад паспяховай вытворчай дзейнасці. Пры гэтым спадзяецца, што ЗАТ "Белмарфлот" штогод будзе атрымліваць адно-два марскія судны рознага прызначэння і тыпу для марскога забеспячэння патрэбаў эканомікі Беларусі.

Уласны марскі гандлёвы флот дасць новыя магчымасці для пашырэння транзітнага патэнцыялу краіны і забеспячэння незалежнасці знешняга гандлю, стане эфектыўным крокам да павелічэння экспарту за кошт аптымізацыі і імпартазамяшчэння паслуг марскіх перавозак. Да таго ж паспрыяе стварэнню новых працоўных месцаў, павелічэнню паступлення валютнай выручкі. Мае вялікае значэнне і іміджавы аспект — павышэнне міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь.

Першы рэйс па перавозцы айчынных калійных угнаенняў у Бразілію ЗАТ "Белмарфлот" зробіць да канца года цеплаходам "Катарына" грузападымальнасцю 27,5 тысячы тон. У пачатку наступнага года запланаваны другі рэйс з угнаеннямі ў Лацінскую Амерыку цеплаходам "Караліна" грузападымальнасцю 37 тысяч тон.

Акрамя таго, зараз акцыянеры і інвестары вядуць перамовы з кітайскімі партнёрамі адносна набыцця ў наступным годзе ў Кітаі сучаснага балкера грузападымальнасцю 33 тысячы тон. У трэцім-чацвёртым квартале 2011 года плануецца ўпершыню ўзняць беларускі сцяг на балкеры для перавозкі насыпных і навалачных грузаў класа супермакс, грузападымальнасцю 57 тысяч тон, што будуецца ў Кітаі.

Сяргей РАСОЛЬКА
Звязда
18 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1103/3354
Текущая дата: 16.11.2024