Белорусский портал в Казахстане

Таямнічы свет Белавежскай пушчы



Белавежская пушча — гэта перш за ўсё ўнікальны прыродны аб`ект. Магутны лес, які займае тэрыторыю каля 125 тысяч гектараў, застаўся адзіным у Еўропе. Ён стаў прытулкам, часам апошнім, для многіх відаў жывёл і раслін, у тым ліку і свайго цара — зубра. Сёння гэты незвычайны лясны масіў ведаюць ва ўсім цывілізаваным свеце.

Прыродны комплекс атрымаў самае высокае прызнанне: 14 снежня 1992 года ўчастак высокаўзроставага лесу Нацыянальнага парку быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. На постсавецкай прасторы на той час гэта быў першы аб`ект, удастоены такога ганаровага звання. У 1993-м Белавежская пушча атрымала міжнародны статус біясфернага запаведніка. А напрыканцы 1997 года савет Еўропы ўзнагародзіў Нацыянальны парк Еўрапейскім дыпломам як адну з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце. Усяго два нацыянальныя паркі на планеце маюць узгаданыя вышэй тытулы. Яны сведчаць, найперш, пра вялікую работу па захаванні прыроднага унікума.

Летась пушча адзначыла 600-гадовы юбілей. І менавіта да юбілейнай даты з`явілася шмат новага ў інфраструктуры Нацыянальнага парку, павялічылася колькасць праектаў у галіне навуковай і даследчай работы. Самае галоўнае — пабудаваны новы музей. Дарэчы гэта суперсучасны эколага-асветніцкі цэнтр з музеем прыроды. Яго дырэктар Людміла Грачанік расказвала, што падчас распрацоўкі канцэпцыі новага цэнтра ставілася задача не расказаць наведвальніку пра флору і фаўну векавога лесу, а даць магчымасць адчуць яго атмасферу. Прычым, з самай даўніны. У залах музея турысты ўбачаць не толькі лясных насельнікаў, але і манекены людзей першабытнага грамадства, сярэднявечча, апошніх вякоў мінулага тысячагоддя, а лес адчуюць праз шматгалосую сімфонію галасоў звяроў і птушак. Гукавое афармленне максімальна набліжана да прыродных умоў.

Навукоўцы запаведніка рупяцца сёння аб захаванні каштоўнага генетычнага патэнцыялу пушчы. Ужо разбіта пляцоўка пад пітомнік, на якім будуць вырошчвацца саджанцы ад пушчанскіх дрэў. Цікава, што дрэвы, якія пачыналі расці 600-500 гадоў таму, калі не было ніякай матарызаванай тэхнікі і іншых сучасных забруджвальнікаў паветра, маюць іншы генетычны код, чым сучасныя дрэвы. Вось ад гэтых старэйшых пушчанскіх жыхароў будуць браць насенне і вырошчваць малады матэрыял у самым найноўшым па тэхналагічных мерках гадавальніку. Каб не вырадзіліся старадаўнія дрэвы, а вярнуліся на зямлю ў выглядзе маладых здаровых нашчадкаў.

Штодзень у пушчу едуць людзі з самых розных краін свету. Яшчэ дзясятак гадоў таму лічбы выглядалі намнога больш сціпла, чым цяпер. Сорак-пяцьдзясят тысяч турыстаў — гэта лічылася вельмі добрым паказчыкам. Паток наведвальнікаў прыкметна ўзрос, калі ў старажытным лесе пасялілася казка. Напрыканцы 2003 года ў жывапіснай мясціне адкрыўся маёнтак беларускага Дзеда Мароза. Цяпер кожнае дзіця ў Беларусі ведае, што наш казачны Дзед жыве ў пушчы са сваёй унучкай Снягуркай.

У краіне навагодняга царства, узведзенага чалавечымі рукамі, цікава пабываць і дарослым, і дзецям. Тут кожны будынак — славутасць: і скарбніца, дзе захоўваюцца пісьмы і малюнкі дзяцей, і чароўны млын, і сам дамок Дзеда Мароза. А асабліва ўражвае 160-гадовая 40-метровая елка, пад якой госці з задавальненнем водзяць карагоды. Кажуць, што яна большая за знакамітую елку на Трафальгарскай плошчы ў Лондане.

Кожны год у рэзідэнцыі з`яўляецца нешта новае. Зараз, напрыклад, для наведвальнікаў узводзіцца карчма. Адным словам, туды варта ехаць, як гэта ўжо зрабілі 562 тысячы гасцей з больш чым 90 краін свету. А ў цэлым лічба наведвальнікаў Белавежскай пушчы ў год набліжаецца да 300 тысяч.

Святлана Яскевіч
Звязда
18 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1103/3357
Текущая дата: 16.11.2024