Белорусский портал в Казахстане

"Калі народ лепшы ў свеце..."



Меркаванні пра кандыдатаў, выбары і магчымасці эканомікі Беларусі...

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі двойчы выступілі на тэлебачанні, іх праграмы былі надрукаваныя ў дзяржаўных газетах і нават была спроба правесці тэледэбаты. Выбаршчыкі мелі магчымасць убачыць і пачуць усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

Праграмы кандыдатаў не маюць прынцыповых адрозненняў і ў многім пераклікаюцца. Але каб яны здзейсніліся...

Дзевяць кандыдатаў выступалі адзіным фронтам. Некаторыя з іх былі настроены ваяўніча, іншыя ж вялі сябе больш памяркоўна, але іх атака была накіравана на сённяшняга Прэзідэнта Беларусі, што і зразумела.

Хачу звярнуць увагу на адну акалічнасць. Апаненты змагаюцца не толькі з А. Лукашэнкам, а і з сістэмай улады, якую ён стварыў. Між тым сістэма прыйшлася грамадству па душы, а галоўнае, яна, на сёння, аказалася дзеяздольнай.

За кандыдатамі ў прэзідэнты няма ўплывовай сілы, якая магла б супрацьстаяць уладзе. Некалькі даволі аморфных партый, ад імя якіх выступаюць некаторыя кандыдаты, не могуць уплываць на сітуацыю. Апаненты Аляксандра Лукашэнкі нагадваюць "робін гудаў, якія кінулі выклік каралю".

Чую заўвагу: "А на тых, першых, выбарах А. Лукашэнка перамог сістэму?" У 1994 годзе старая (савецкая) сістэма ўлады распаўзлася, а новая знаходзілася ў падвешаным стане — не ведалі, адкуль вецер падзьме.

Падчас выступаў некаторыя кандыдаты называлі беларусаў лепшым народам у свеце, вялікім народам... А калі так, то застаецца толькі выбраць лепшага ў свеце прэзідэнта і тады зажывём лепш за ўсіх на свеце. Так?

А пакуль што прэтэндэнты найчасцей успаміналі Польшчу, дзе сярэдні заробак 1500 долараў. А вось чаму лепшы ў свеце народ не атрымлівае такой зарплаты, то вінаваты ў гэтым... Але, на мой погляд, за лепшае было б параўнанні праводзіць не з краінамі Еўрасаюзу, а з тымі, якія ўтварыліся на прасторах былога Саюза — гэта будзе больш аб`ектыўна. З Расіяй праводзіць паралелі не выпадае, бо краіна мае неабмежаваныя прыродныя рэсурсы, і нафта з газам дазваляюць затыкаць дзіркі ў эканоміцы. Паглядзім на Украіну, якая прайшла праз "аранжавую рэвалюцыю", атрымала дэмакратыю, краіну вітаюць Еўрасаюз і Амерыка, а народу жывецца не вельмі. І хіснуўся ўкраінскі выбаршчык ад "аранжавых" да "блакітных"... Адзін з беларускіх кандыдатаў у прэзідэнты заявіў, што ўсе ўкраінскія праблемы ад таго, што кіраўніцтва ў Кіеве не мела праграмы. Вось была б у іх мая...

Адна з праблем, з якой сутыкнулася ўкраінская грамадскасць, — гэта слабасць улады. Успомнім, што прэзідэнта В. Юшчанку парламент абмежаваў ў паўнамоцтвах, а прыйшоў да ўлады В. Януковіч і вярнуў страчанае. Чаму?

Яшчэ нядаўна нашы тэлегледачы бачылі, як у Кіеве мітынгавалі прадпрымальнікі. Справа ў тым, што ўрад спрабуе навесці парадак у гэтай галіне эканомікі. В. Януковіч кажа: "Падаткаў не плацяць, а іх дзяцей вучыць трэба, лячыць трэба, пенсіі плаціць трэба..." (здаецца, мы ўжо гэта прайшлі). А хіба ў Амерыцы ўсё ідзе самацёкам? Паспрабуй там не заплаціць падаткі!

Мне даводзілася бываць у Херсоне (там жылі бацькі жонкі) і бачыць поўную свабоду ў гандлі. На абочыне дарогі, на кардоне прадавалі хлеб, і на гэта ніхто не звяртаў увагі. У Еўропе, як і ў нас, такое немагчыма.

Я не веру, што наш чалавек можа пераасэнсоўваць усе перавагі дэмакратыі — для гэтага патрэбны час, эвалюцыйны перыяд. І калі асобны кандыдат у прэзідэнты сцвярджае, што беларусы пасля 20 снежня (пасля выбараў) будуць свабоднымі, то пакінем гэта на яго сумленні. Свабода — гэта форма жыцця і ўнутраны стан чалавека. Ці многія з нас адчуваюць сябе грамадзянамі — духоўна свабоднымі людзьмі? Няхай мы і вялікі народ, але яшчэ круцім галовамі, азіраемся, бо не ведаем, дзе жывём.

Працягнем размову пра сістэму ўлады. На адной расійскай тэлестудыі быў наладжаны тэлемост з Грузіяй. Цікава было паслухаць, што кажа адзін бок, а што другі. Я зразумеў, што прэзідэнт Грузіі М. Саакашвілі застаўся пры ўладзе і выйграў паўторна выбары, бо здолеў навесці ў краіне парадак, народ давярае паліцыі, зніклі ці затаіліся бандыцкія групоўкі... А без моцнай ўлады такое немагчыма было б. Успомнім, што нават 100-тысячныя мітынгі апазіцыі, выступленні вайскоўцаў не здолелі пахіснуць пазіцыі грузінскага прэзідэнта.

Калі прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта заяўляе, што ўсю вертыкаль неабходна выбіраць, то ўспамінаюцца часы, калі перад распадам Саюза на прадпрыемствах выбіралі дырэктараў. А закончылася тая кампанія поўным правалам, бо калектыў, найперш, галасаваў не за прафесіяналаў, а за "сваіх хлопцаў".

Выбіралі мясцовую ўладу і ў Расіі. І як ні дзіўна, часам людзі аддавалі перавагу бандытам. Размовы пра самакіраванне, саборнасць... наводзяць на сумныя разважанні. Некалі, пры цары, калі трэба было выбраць старасту ці дэпутата, то перамагаў той, хто не шкадаваў грошай на гарэлку — выкаціў бочку і перамог.

Пакуль чалавек не ўсвядоміць сябе грамадзянінам, ён падобны да аблуднай авечкі, якая можа ўцячы ў любыя прыадчыненыя вароты.

Аляксандр Лукашэнка не мой кумір, але я часам задаю сабе пытанне: "А што было б з Беларуссю, каб на тых першых выбарах перамог не Лукашэнка, а яго канкурэнт?" І каму б я ні задаў гэтае пытанне, адказ адзін — Беларусі быў бы поўны "кірдык".

Без сістэмы ўлады не можа існаваць ніводная краіна. Іншая справа — якім прыярытэтам у той краіне аддаецца перавага. У Паўночнай Карэі таксама сістэма. Беларуская ж мадэль уключана ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы, і тут нічога немагчыма змяніць. Іншая справа, што гэтыя працэсы могуць быць запаволеныя, палавінчатыя, але яны непазбежныя. Беларусі лёсам наканавана быць у Еўропе.

Праўда, некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты адарваліся ад рэалій нашага жыцця. Няхай наш народ і самы лепшы ў свеце, а ці не атрымаецца, што пасля люстрацыі, якую хацеў бы правесці Р. Кастусёў, шэрагі яго партыі парадзеюць.. Ды і каб распусціць КДБ, неабходна стварыць новую структуру, а прафесіяналаў давядзецца набіраць зноў жа сярод учарашніх чэкістаў.

Крыху дзіўна, што партыя БНФ знаходзіцца ў закансерваваным стане, бо больш чым дваццаць гадоў таму падобныя заклікі выбаршчыкаў не зацікавілі.

А другі кандыдат на пасаду прэзідэнта, В. Рымашэўскі з юначым запалам ухваляе краіну-утопію, у якой грамадства будзе жыць па хрысціянскіх прынцыпах. За дзве тысячы гадоў так і не з`явілася краіна, у якой "не кралі б і не жадалі чужую жонку". А што датычыць Божых запаветаў (чаму хрысціянскіх?), то ў мяне яны свае: калі ты не цэніш чужое жыццё, то і твайму грош цана; калі бацькі кінулі цябе — забудзь іх; на дабро адказвай дабром; хочаш пакаяцца — ідзі да пракурора...

А некаторыя кандыдаты яўна "перагнулі палку". Калі адзін з іх абяцае, што праз пару гадоў пры ім рубель будзе раўняцца долару, то разумееш — гэта чысты папулізм. Справа не ў суадносінах валют, а ў стане эканомікі краіны. У Латвіі адзін лат быў нават даражэй за долар, а закончылася тым, што гэтую краіну ратавалі ўсім Еўрасаюзам.

У кожнага кандыдата ёсць вялікае жаданне стаць Прэзідэнтам Беларусі, але каб сесці ў крэсла кіраўніка, жадання мала. Нават самы лепшы ў свеце народ глядзіць на жыццё прагматычна — яго цікавяць не словы, а рэчаіснасць. Менавіта яна і будзе вызначаць шлях нашай краіны.

Сымон Свістуновіч
Звязда
11 снежня 2010



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1106/3224
Текущая дата: 16.11.2024