Белорусский портал в Казахстане

Расійскае ТВ кліча беларусаў на вуліцы 19 снежня



Сёння Лукашэнка «слабы як ніколі», лічыць Першы расійскі тэлеканал. Сюжэт пра сітуацыі перад выбарамі выйшаў у праграме «Время» на Першым расійскім тэлеканале 21 лістапада. Разам з іншымі тэлеканаламі, Першы даў адкрыта прапагандысцкі рэпартаж. Падаём яго стэнаграму.

«У Беларусі на гэтым тыдні адбылася важная падзея: зарэгістравана 10 кандыдатаў у прэзідэнты, выбары прызначаныя на 19 снежня. Зараз кандыдаты ад апазіцыі будуць змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам за галасы выбаршчыкаў.

За месяц да выбараў Аляксандр Лукашэнка ездзіць з малодшым сынам Колем па рэгіёнах і пераконвае выбаршчыкаў, што ў краіне няма крызісу.

Падчас выбарчай кампаніі Лукашэнкі падвысіў пенсіі на 10%, а мінімальную зарплату — на 50%. Абвалу беларускай валюты чакаюць адразу пасля выбараў або ў навагоднюю ноч, як гэта было ў 2009 годзе. Каля абменнікаў у Мінску стаяць чэргі.

Лукашэнка цяпер часцей чым зазвычай дае інтэрв’ю еўрапейскім журналістам. Нямецкім расказвае пра тое, што не чакае ад Расіі прызнання вынікаў выбараў, а польскім — што палову неабходнай нафты будзе атрымліваць з Венесуэлы. Беларускага прэзідэнта пытаюцца, як так выйшла, што дзве братнія рэспублікі пасварыліся. Любоў да Варшавы тлумачыцца проста. Перад выбарамі еўрапейскія палітыкі пачалі часта ездзіць у госці да таго, каго раней называлі апошнім дыктатарам Еўропы.

А прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце агучыла тое, пра што ў Брусэлі, мабыць, думаюць, але саромеюцца сказаць.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы: «Лукашэнка — гэта гарант эканамічнай і палітычнай стабільнасці ў Беларусі, яе незалежнасці. Мы не хацелі б, каб наш сусед стаў другой Расіяй».

10 гадоў таму прадстаўнікі беларускай апазіцыі спальвалі расійскі трыкалор у цэнтры Мінска. А цяпер сцяг Еўрасаюза на прэс-канферэнцыі апазіцыі выглядае канфузам. Двух галоўных незалежных кандыдатаў у Мінску сёння называюць прарасійскімі. І яны гэтага не саромеюцца.

Андрэй Саннікаў, кіраўнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь»: «Трэба зыходзіць з рэальнай сітуацыі. Калі ў Еўропе гавораць аб падтрымцы Лукашэнкі, а ў Расіі — апазіцыі, то трэба гэта ўлічваць і вітаць».

Кандыдатаў Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева Лукашэнка называе «прадажнымі» і «рускімі». А ў ранейшыя гады ён называў сваіх апанентаў заходнімі шпіёнамі. Былога старшыню Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча Лукашэнка запісаў у палякі.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі з 1991 па 1994 гг.: «Мой род чыста беларускі, разумееце? Яго нацыянальнасць невядомая: ён ці то цыган, ці то габрэй. Але ва ўсякім выпадку, не беларус — гэта дакладна».

Невядома, ці ў цыганскіх каранях справа, але ў разгар перадвыбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка пасябраваў з кінарэжысёрам Эмірам Кустурыцам. Лукашэнка прапанаваў Кустурыцу зняць фільм у Мінску і нават сваю дапамогу. Але наўрад ці Кустурыца блізка ведае беларускага прэзідэнта, інакш не адмовіўся б ад магчымасці зняць фільм пра яго. Тым больш што такія вобразы ў Кустурыцы ўжо сустракаліся.

3 мільярды еўра Еўрасаюз абяцае перадаць Беларусі ўзамен на сумленныя выбары. І Лукашэнка згодны іх узяць.

Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Расія сказала: хопіць, больш бясплатных грошай ты мець не будзеш. Тады на змену ім прыходзяць палітыкі еўрапейскія. Гэтыя грошы ён у іх возьме, таму што яны яму патрэбныя, і нават дзякуй не скажа».

Незалежны кандыдат Уладзімір Някляеў, першы па рэйтынгу сярод апазіцыі, прапанаваў, каб гуманітарная дапамога прыйшла ў Мінск не грашыма, а празрыстымі скрынямі. Аднак выбарчая камісія не пагадзілася.

Лідзія Ярмошына, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі: «Справа ў тым, што гуманітарная дапамога з-за мяжы не можа аказвацца на выбары і рэферэндумы».

Гэта значыць, лепш усё-такі грашыма. Але першыя празрыстыя скрыні на гэтым тыдні ў Беларусі ўсё роўна з’явіліся. На заклік кандыдата ад апазіцыі адгукнулася асацыяцыя малога і сярэдняга бізнэсу.

Віктар Гарбачоў, прадпрымальнік: «Мы гатовыя, скрыня каштуе ад 50 да 150 даляраў. Прадпрымальнікі самі са свайго бюджэту адшукваюць сродкі».

Сацапытанні паказваюць, што ў першым туры Лукашэнка выбары выйграць не зможа. Але ў Мінску мала хто верыць, што падлік будзе сумленным. Таму рыхтуюцца не толькі да выбараў, але і да акцыі пратэсту, на плошчы.

Калі ў Беларусі кажуць «плошча», маюць на ўвазе вось гэта месца. Нешта накшталт украінскага майдана. Тут за скверыкам хаваецца адміністрацыя прэзідэнта. Злева будынак, які ў народзе называюць саркафагам, але 19 снежня ў ім будзе працаваць Цэнтрвыбаркам. На плошчы сапраўды вельмі зручна чакаць вынікаў выбараў.

Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Гэта пачнецца ў 19 гадзін 19 снежня. У нас таму і заклік: 19-га ў 19 — на плошчу».

На плошчы 19 снежня хутчэй за ўсё з’явіцца намётавае мястэчка. Але галоўны апазіцыйны кандыдат Някляеў кажа, што ён супраць сілавога варыянту змены ўлады. Беларуская рэспубліка цяпер банкрут ў эканамічным сэнсе, а рэжым Лукашэнкі слабы як ніколі. І нават міліцыя на акцыях пратэсту паводзіць сябе інакш».

Наша Ніва
паводле 1tv.ru
22 лістапада 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1115/2824
Текущая дата: 15.11.2024