Белорусский портал в Казахстане

Караць нельга памілаваць



Выключную меру адменяць
Пытанне толькі калі...

Савету Еўропы прасцей — ён ужо даўно вызначыўся: смяротная кара непрымальная. І гэта догма, якая не абмяркоўваецца. Беларусь усё яшчэ ўзважвае — у атачэнні 47 краін, якія лічаць найвышэйшай каштоўнасцю жыццё чалавека. Кожнага. Любога.

Не бяруся ацэньваць маштаб і актыўнасць дыскусіі, распачатай з утварэннем парламенцкай рабочай групы па вывучэнні каверзнай праблематыкі. Скажу толькі, што днямі яна атрымала новы віток. Дзякуючы "кругламу сталу", арганізаванаму па ініцыятыве Савета Еўропы.

Асабістая справа

Праваахоўнікі найперш турбуюцца пра крымінагенную абстаноўку ў краіне, палітыкі мысляць міждзяржаўнымі маштабамі. Аднак усе яны — па сутнасці, пабочныя назіральнікі, якіх праблема кранае толькі па абавязку службы. А вось сярод экспертаў СЕ, што селі за стол перамоў з прадстаўнікамі беларускіх улад, ёсць жанчына, для якой барацьба са смяротнай карай — справа асабістая. Так забілі яе сына... Гэта адбылося ў 1999 годзе ва Узбекістане, дзе выключная мера была адмененая дзевяццю гадамі пазней.

— Смяротная кара — гэта наўмыснае забойства чалавека дзяржавай, — даводзіць Тамара ЧЫКУНОВА, якая верыць у невінаватасць свайго сына.

Яна перакананая, што выключная мера пакарання не ўсталёўвае справядлівасць, а толькі параджае жорсткасць. Эксперт СЕ акцэнтуе незваротнасць смяротнай кары і ўказвае на магчымасць судовай памылкі.

— Першая мэта крымінальнага пакарання — раскаянне, выпраўленне, рэабілітацыя перад грамадствам. Смяротная кара пазбаўляе такой магчымасці, — кажа заснавальніца арганізацыі "Мацеры супраць смяротнай кары і катаванняў".

Яна заклікае задумацца і пра тое, што, "калі караем смерцю злачынцу, не адраджаем ахвяру". Дык нашто тады адбіраць жыццё ў злачынцы і тым самым да яго прыпадабняцца? У мяне асабіста няма адказу на гэта пытанне...

Т.Чыкунова ўпэўненая, што грамадства павінна валодаць поўнай інфармацыяй пра смяротную кару і яе наступствы. Бо калі санкцыянаванае забойства здзяйсняецца, па сутнасці, з нямой згоды грамадзян, кожны з іх мае да гэтага дачыненне. І варта найперш сабе самому адказаць на пытанне: "Ці маю я права пазбаўляць чалавека жыцця?"...

Прыкметная фігура ў юрыдычных колах, Роберт БАДЗІНТЭР (экс-міністр юстыцыі і старшыня Канстытуцыйнага Савета Францыі, а сёння сенатар парламента), чыё імя фактычна асацыюецца з ідэяй барацьбы са смяротнай карай, падчас "круглага стала" ў Мінску выступіў з праграмнай прамовай "За ўсеагульную адмену". На гэты шлях яго таксама прывяло асабістае (што адчуваецца і ў палкасці выступлення). Пакаранне смерцю ўласнага падабароннага. Той удваіх з іншым зняволеным учыніў бунт у турме — узяў у заложнікі вартаўніка і медсястру. І хоць падабаронны Бадзінтэра іх не забіваў (ідэя і выкананне — яго саўдзельніка), аднак на гільяціну выправілі абодвух. Адваката ўзрушыла і абурыла, што чалавека, які нікога не забіў, пазбавілі жыцця. Гэта было ў 1972 годзе, і з таго часу Бадзінтэр стаў заўзятым змагаром за адмену смяротнай кары. "Я ніколі не прыму правасуддзе, якое забірае жыццё чалавека, разразаючы яго на дзве часткі", — дзеліцца ён сваімі тагачаснымі ўражаннямі цяпер, знаходзячыся ў Беларусі. Якая для яго, трэба думаць, бы стрэмка: толькі яна не дае сказаць, што ўвесь кантынент удалося вызваліць ад лютай кары. Ён націснуў і на самы моцны беларускі аргумент, якім з’яўляецца грамадская думка. Юрыст адзначыў, што яна не статычная, і прывёў у пацвярджэнне лічбы, як змянілася стаўленне людзей у краінах, дзе выключная мера была адмененая. Напрыклад, Францыя. Калі напачатку 64 адсоткі выказваліся адназначна "за" смяротную кару і толькі 36 — "супраць", то пасля пройдзенага шляху, растлумачальнай работы карціна змянілася. Сёння за аднаўленне смяротнай кары выказваецца толькі 32 адсоткі.

Пра ключавыя беларускія аргументы (якія на Захадзе, відаць, уяўляюцца адгаворкамі) казаў і Філіп БААЯ, генеральны дырэктар па правах чалавека і юрыдычных пытаннях Савета Еўропы. Маўляў, ведае ён, і пра грамадскую думку ў Беларусі, настроеную на захаванне смяротнай кары, і пра рэферэндум, які неабходна праводзіць для прыняцця рашэння. На гэта ў яго ёсць што запярэчыць:

— Гэта пытанне волі палітычных лідараў. Якраз тая сітуацыя, калі яны павінны весці, а не быць вядзёнымі большасцю. Гэта не азначае ігнараваць меркаванне грамадства, а быць дастаткова смелым, мужным, каб адстаяць каштоўнасць чалавечага жыцця.

Выйсцем, на яго думку, магло б стаць рашэнне кіраўніка дзяржавы і парламента. У гутарцы з беларускімі журналістамі ён абверг чуткі аб зборы подпісаў за вяртанне смяротнай кары ў Швейцарыі. Паводле яго слоў, такую ініцыятыву праявілі чатыры чалавекі (маўляў, на сем мільёнаў насельніцтва), і для рэалізацыі канстытуцыйнай ініцыятывы патрэбныя юрыдычныя абгрунтаванні. Праз тры дні запыт быў адкліканы. Аднак сам факт спадар Баая ацэньвае як шакіруючы, і ўспрымае яго як нагоду весці безупынную асветніцкую работу — "пераконваць людзей, што адмена смяротнай кары абгрунтаваная". Ён прызнае, што адразу пасля бязлітасных забойстваў і згвалтаванняў эмацыйна ўзрушанае грамадства можа хацець смерці для забойцы. Аднак з цягам часу на змену эмоцыям павінна прыйсці разуменне, што так праблему не вырашыць і зло не выкараніць. Насамрэч, хіба можа стрымліваць злачынцу наяўнасць лютай кары? Ён папросту спадзяецца, што яго не зловяць...

Гендырэктар па правах чалавека і юрыдычных пытаннях Савета Еўропы не назваў журналістам пакарання, якое магло б стаць заменай выключнай меры. Пажыццёвае зняволенне, напрыклад, ён не лічыць годнай альтэрнатывай.

— Мы павінны знайсці рашэнне, якое дазволіць поўнасцю выканаць правы чалавека і захаваць бяспеку грамадства. У кожным канкрэтным выпадку юрысты, псіхолагі, медыкі павінны вызначаць, ці можа чалавек вярнуцца ў грамадства, — мяркуе спадар БААЯ.

У цэлым, паводле слоў гасцей, Савет Еўропы вітае стварэнне парламенцкай рабочай групы ў Беларусі, разгорнутую дыскусію і верыць у тое, што час, калі Беларусь зможа далучыцца да еўрапейскай сям`і ў плане адмены смяротнай кары, блізкі як ніколі.

Справа дзяржаўная

Пакуль беларусы задумваюцца, аналізуюць і сумняваюцца, судовая сістэма спраўна выносіць прысуды, і яны прыводзяцца ў выкананне. Аргументаў "за" таксама хапае. Асаблівую вагу яны могуць набыць, калі гучаць з вуснаў міністра юстыцыі Віктара Галаванава. Падчас дыскусіі ён, напрыклад, выказаў думку, што "чым больш цэніцца чалавечае жыццё, тым больш суровым павінна быць пакаранне за яго пазбаўленне". Змякчэннем пакарання, на яго думку, "ускосна заахвочваецца цярпімасць да злачынстваў".

— Тэрарысты пазбаўляюць жыцця тысячы людзей, але самі пры гэтым маюць права на жыццё. Дзе логіка? — задаецца пытаннем кіраўнік ведамства.

Ён лічыць, што пры такім раскладзе "атрымліваецца, нібы права на жыццё бязвінна забітага менш каштоўнае, чым права на жыццё злачынцы". Міністр мяркуе таксама, што быць праціўнікам смяротнай кары становіцца модным:

— Хто за адмену смяротнай кары — той дэмакрат, хто супраць адмены — той рэтраград.

В. Галаванаў перакананы, што "дэмакратычная дзяржава не ў праве ігнараваць меркаванне народа". 80,44 адсотка — ці не галоўны сцяг схільных захаваць выключную меру пакарання. Менавіта столькі беларусаў прагаласавала за гэта на рэферэндуме ў 1996 годзе. Аднак з тых часоў змянілася, па-першае, крымінальнае заканадаўства (з`явілася, напрыклад, пажыццёвае зняволенне). Па-другое, структура насельніцтва: цяперашняя па-грамадзянску актыўная моладзь тады яшчэ не магла галасаваць...

Кіраўнік Міністэрства юстыцыі не думае, што смяротная кара вырашыць праблему злачыннасці. Аднак і адмова ад яе, на яго думку, магчымая толькі шляхам пошукаў, скарачэння маштабаў прымянення выключнай меры, паступовай замены пажыццёвым зняволеннем, якое не прадугледжвала б права на датэрміновае вызваленне. І "круглы стол", які адбыўся, уяўляецца яму "адной з тых гірак, якія схіляюць грамадзян Беларусі на бок праціўнікаў смяротнай кары".

Мікалай САМАСЕЙКА, кіраўнік парламенцкай рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнай кары, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях перакананы: "у спрэчцы паміж прыхільнікамі і праціўнікамі смяротнай кары пераможцы быць не можа". Тут вельмі шмат нюансаў, і многія з іх ляжаць у маральна-духоўнай сферы. Ён прызнае, што ўнутрыдзяржаўны аспект праблемы цесна пераплятаецца са знешнепалітычным. Відавочна, што са смяротнай карай у Савет Еўропы нам дзверы зачыненыя... Аднак знешні фактар, на думку дэпутата, "не павінен і не можа з`яўляцца вырашальным", у той жа час "і не прымаць яго ў разлік было б палітычна няправільна". Выйсце трэба шукаць, на яго думку, "зыходзячы з інтарэсаў грамадства".

— Не выклікае сумненняў, што смяротная кара будзе адмененая, — канстатуе М. Самасейка, спасылаючыся на часовы яе характар, замацаваны ў Крымінальным кодэксе і Асноўным законе краіны, і дадае, што пытанне толькі ў тым, калі гэта здарыцца. — Прагназаваць я не бяруся. Сказаць, адбудзецца гэта праз тыдзень, год ці 10 гадоў, нельга. Аднак Беларусь ушчыльную падышла да вырашэння гэтага пытання.

Генпракурор Беларусі Рыгор ВАСІЛЕВІЧ таксама бачыць патрэбу ў часе на роздум. Ён заўважае, што Еўропе на поўную адмову ад смяротнай кары спатрэбілася 53 гады (роўна столькі прайшло ад падпісання Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека да з`яўлення пратакола № 13 да яе, які адмяняе смяротную кару ў любых абставінах). Гэта не было імгненным рашэннем. Беларусь, паводле яго слоў, рухаецца па шляху скарачэння колькасці злачынстваў, за якія можа быць прысуджаная выключная мера. І ўвогуле адзначаецца тэндэнцыя да "аздараўлення атмасферы": людзі ўсё радзей прыбягаюць да гвалту, высвятляючы адносіны. А гэта і ёсць найбольш распаўсюджаныя забойствы (на побытавай глебе), бо заказных у нас няма. Зніжаецца і колькасць смяротных прысудаў:

— Калі ў 1997—1998 гадах іх было больш за 40, то ў апошнія гады стала істотна менш: па два ў мінулым і пазамінулым годзе.

Застаецца толькі спадзявацца, што нам не давядзецца чакаць гуманізацыі крымінальнага заканадаўства яшчэ 53 гады...

Ала Мачалава
Звязда   27 верасня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1130/2073
Текущая дата: 15.11.2024