Белорусский портал в Казахстане

У ЦВК пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі



У Цэнтрвыбаркам пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Аб гэтым паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Паводле яго слоў, у ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўключаны 8.403 чалавекі. Яе кіраўнік — міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Трэба адзначыць, што афіцыйна аб намеры балатавацца на пасаду прэзідэнта на сёлетніх выбарах Лукашэнка так і не аб`явіў. Аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі ён гаварыў толькі ўскосна.

Так, у інтэрв`ю тэлеканалу "Еўраньюс" 28 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах "абсалютна для ўсіх" будуць створаны роўныя ўмовы. "Мне няма неабходнасці ствараць няроўныя ўмовы, таму што вы ведаеце, што вакол гэтых выбараў адбываецца, тым больш у Расіі, не гаворачы ўжо пра Еўропу. Еўропа і так будзе прэсаваць мяне па поўнай праграме, і мне яшчэ ствараць дадатковыя прэцэдэнты, дадатковыя нараджаць факты, каб мяне папракалі ў тым, што я нелегітымны, што я там няправільна выбары правёў. Мне гэта абсалютна не трэба", — сказаў тады Лукашэнка.

Такім чынам, 56-гадовы Аляксандр Лукашэнка балатуецца на пасаду прэзідэнта Беларусі ўжо чацвёрты раз.

Ён быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліпені 1994 года — за Лукашэнку тады прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў.

У 1996 годзе па ініцыятыве Лукашэнкі прайшоў рэспубліканскі рэферэндум, які змяніў канстытуцыйны лад краіны. Другія выбары прэзідэнта адбыліся ў верасні 2001 года. Паводле звестак ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 75,65% выбаршчыкаў, і ён быў паўторна абраны прэзідэнтам.

У 2004 годзе Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум па адмене артыкула Канстытуцыі, згодна з якім адна асоба не мае права абірацца на пасаду прэзідэнта больш за два разы запар. Паводле звестак ЦВК, гэтую ініцыятыву падтрымала больш за 77% выбаршчыкаў. Такім чынам, Лукашэнка атрымаў права на ўдзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах.

На выбарах у сакавіку 2006 года, паводле афіцыйных звестак, ён набраў 83% галасоў выбаршчыкаў і быў пераабраны на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы ў трэці раз.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і міжнародныя назіральнікі зафіксавалі масавыя парушэнні ў ходзе прэзідэнцкай кампаніі, заявіўшы аб непразрыстасці і недэмакратычнасці выбараў.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаны на 19 снежня.

24 верасня 2010 Мінск
Сяргей Каралевіч, БелаПАН


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1131/2037
Текущая дата: 15.11.2024