Белорусский портал в Казахстане

Сукупны знешні доўг Беларусі дасягнуў 45,5% ВУП



Валавы знешні доўг Беларусі павялічыўся ў першым паўгоддзі 2010 года на 1 млрд. 110,7 млн. долараў, ці на 5%. На 1 ліпеня ён дасягнуў 23 млрд. 171 млн. долараў ЗША, што складае 45,5% ВУП.

Як паведамілі у Нацыянальным банку, у другім квартале аб`ём сукупнага знешняга доўгу павялічыўся на 927,5 млн. долараў, ці 4,2%.

У разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг таксама працягвае расці: на 1 ліпеня ён склаў 2 тыс. 447 долараў супраць 2 тыс. 327 долараў на 1 студзеня гэтага года і 1 тыс. 596 долараў на пачатак 2009 года.

У агульным аб`ёме сукупнага доўгу знешні доўг органаў дзяржаўнага кіравання вырас з пачатку года на 7% да 8 млрд. 946,8 млн. долараў.

Знешні доўг органаў грашова-крэдытнага рэгулявання на 1 ліпеня 2010 года склаў 401,6 млн. долараў, знізіўшыся з пачатку года на 5,2%.

Запазычанасць камерцыйных банкаў у першым паўгоддзі вырасла на 16,2% — да 4 млрд. 127,9 млн. долараў.

Знешні доўг іншых сектараў эканомікі склаў 8 млрд. 950,4 млн., павялічыўшыся на 0,3%.

Прамыя інвестыцыі (міжфірменнае крэдытаванне) знізіліся на 6,8% да 744,3 млн. на 1 ліпеня 2010 года.

Паводле даных Нацбанка, на абслугоўванне знешняга доўгу за першае паўгоддзе было накіравана 2 млрд. 470,3 млн. (10,5% ВУП, ці 18,5% экспарту тавараў і паслуг). З указанай сумы 2 млрд. 197,3 млн. долараў склалі выплаты па асноўным доўгу, а 273 млн. долараў — на плацяжы па працэнтах.

Нагадаем, за 2009 год валавы знешні доўг Беларусі павялічыўся на 6 млрд. 875,8 млн. долараў ЗША, ці 45,4%, і на 1 студзеня 2010 года склаў 22 млрд. 29,9 млн. долараў ЗША.

Валавы знешні доўг Беларусі ўяўляе сабою нявыплачаную суму фактычных бягучых і неабумоўленых абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і/ці працэнтаў дэбіторам у наступны перыяд часу і ўяўляе сабою абавязацельствы рэзідэнтаў Беларусі перад нерэзідэнтамі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 18 верасня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1132/1992
Текущая дата: 15.11.2024