Белорусский портал в Казахстане

Клятва на Буйніцкім полі



Учора першакурснікі факультэта дзённага навучання Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь прынялі прысягу.

На мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле" ў прысутнасці родных і блізкіх свяшчэнную клятву прынеслі 206 чалавек. Палова з іх па заканчэнні навучання атрымае дыпломы аб вышэйшай адукацыі, астатнія — аб сярэднім спецыяльным.

Згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь міліцэйскі каледж у Магілёве называецца цяпер вышэйшым. На працягу лета была праведзена велізарная работа — адкрыліся новыя факультэты, выкладчыцкі склад папоўнілі спецыялісты з Акадэміі МУС, грамадзянскіх ВНУ, УУС Магілёўскага аблвыканкама.

— Гэта будзе свята як для маладых людзей, якія апранулі форму менш за месяц таму, так і для іх сваякоў, — адзначыў напярэдадні падзеі начальнік Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь Генадзь Калеснік. — Для гасцей была падрыхтавана святочная праграма — выкананне эстрадных песень, фатаграфаванне на месцах баявой славы. Упершыню ў гісторыі каледжа падчас цырымоніі прысягі курсанты атрымалі службовыя пасведчанні супрацоўніка міліцыі.

Вучэбная ўстанова была заснавана ў 1948 годзе і мела статус школы з тэрмінам навучання 7 месяцаў. Асноўным яго профілем з`яўлялася перападрыхтоўка сяржанцкага саставу. У міліцэйскай школе атрымлівалі званні выхадцы з усяго СССР. У 1992 годзе гэта адукацыйная ўстанова стала факультэтам Акадэміі МУС Беларусі, а ў 2002-м — каледжам.

Святлана БАРЫСЕНКА
Звязда
28.10.2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1137/1729
Текущая дата: 15.11.2024