Белорусский портал в Казахстане

Экспарт беларускага піва вырас удвая



Як паведамілі ў прэс-службе канцэрна «Белдзяржхарчпрам» - у першым паўгоддзі гэтага года піваварныя заводы Беларусі павялічылі экспарт піва ў 2,03 разу ў дачыненні да паказчыка за такі ж перыяд мінулага.

Па выніках шасці месяцаў экспартавана 1 млн. 840,3 тыс. дал піва. Гадавое заданне (6 млн. дал), згодна з праграмай развіцця піваварнай галіны на 2006–2010 гады, выканана на 30,7%.

ААТ «Лідскае піва» экспартавала 244,5 тыс. дал, што ў 2,3 разу больш, чым за такі ж перыяд мінулага года; ААТ «Крыніца» — 1 млн. 187 тыс. дал (на 66,2% больш). ААТ «Брэсцкае піва» павялічыла аб’ём экспарту ў 5,4 разу, да 160 тыс. дал. Сумеснае ААТ «Рэчыцапіва» паставіла 27,5 тыс. дал (на 24,4% менш), ААТ «Піўзавод «Аліварыя» — 39,1 тыс. дал (у 29,1 разу больш), СЗАТ «ПК «Сябар» — 154,9 тыс. дал (у 17,2 разу больш), СТАА «Дзвінскі бровар» — 27,4 тыс. дал (у 2,4 разу больш).

Паводле даных «Белдзяржхарчпрама», на ўнутраным рынку Беларусі ў студзені-чэрвені рэалізавана 15 млн. 116,9 тыс. дал піва, што на 1,7% менш, чым за такі ж перыяд 2009 года. Заданне шасці месяцаў (21,9 млн. дал) выканана на 70,1%.

Аб’ём паставак піва на ўнутраны рынак ААТ «Крыніца» за студзень-чэрвень знізіўся на 18% да 5 млн. 196,9 тыс. дал, ААТ «Брэсцкае піва» — на 10,6% (1 млн. 47,97 тыс. дал), СААТ «Рэчыцапіва» — на 12,4% (497,16 тыс. дал), СТАА «Дзвінскі бровар» — на 22,1% (95,2 тыс. дал), іншымі заводамі — на 36,5% (29,8 тыс. дал).

Разам з тым тры прадпрыемствы павялічылі пастаўкі на ўнутраны рынак: ААТ «Лідскае піва» — на 10,6% (2 млн. 320,6 тыс. дал), СЗАТ «ПК «Сябар» — на 61,4% (3 млн. 132,3 тыс. дал), ААТ «Піўзавод «Аліварыя» — на 7,4% (3 млн. 160,7 тыс. дал).

«Белдзяржхарчпрам» таксама прыводзіць даныя па імпарце піва (у тым ліку безалкагольнага) за студзень-май. Агульны аб’ём імпарту ў гэты перыяд склаў 5 млн. 156,6 тыс. дал. З Расіі пастаўлена 3 млн. 90,3 тыс. дал, Украіны — 1 млн. 990,6 тыс. дал, Германіі — 5,3 тыс. дал, Ірландыі — 4,1 тыс. дал, Чэхіі — 10,4 тыс. дал. Да паказчыка за такі ж леташні перыяд імпарт піва ў цэлым знізіўся на 2,7%, у тым ліку з Расіі — на 9,4%, Германіі — на 6,9%, Чэхіі — на 24,7%. Рост паставак назіраўся з Украіны — на 7,2% і Ірландыі — на 12,5%.

Марына Носава,
БелаПАН    30 лiпеня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1141/1493
Текущая дата: 14.11.2024