Белорусский портал в Казахстане

Гарадзенцы -- пра сьвяты, якія варта адзначаць усім беларусам



Якое сьвята магло б, на вашую думку, аб’яднаць усіх беларусаў? Гэтае пытаньне карэспандэнт "Радыё Свабоды" задаваў жыхарам Горадні.

(Дзяўчына: ) “Дзень вэтэранаў — гэта сьвята для вэтэранаў, праўда? Альбо моладзь сабе сьвяткуе. А каб штосьці такое, каб усіх аб’яднаць — такога дня няма. Гэта мог бы быць дзень чагосьці добрага, сьветлага, нейкае зусім незалежнае сьвята, але я сама не магу прыдумаць”.

(Малады спадар: ) “Я лічу, што цяпер няма такога сьвята, якое магло б аб’яднаць усіх. Але я думаю, што ёсьць такая дата, якая шмат для нас значыць, гэта дзень Грунвальдзкай бітвы”.

(Маладзён: ) “Як на мяне, дык галоўнае сьвята — гэта сьвята яднаньня ўсіх народаў, якія насяляюць Беларусь, што праводзілася ў нас у Горадні. Сьвята нацыянальных культураў — яно самае файнае, па-мойму”.

(Спадар: ) “Я лічу, што Дзень Незалежнасьці — важнае сьвята, але яно павінна быць у іншы дзень, яго ня трэба прымяркоўваць да Вялікай айчыннай вайны”.

(Малады спадар: ) “9 траўня — Дзень перамогі, я лічу, што гэта сьвята, якое аб’ядноўвае ўсіх”.

(Сталы спадар: ) “Мне здаецца, што гэта можа быць нейкае рэлігійнае сьвята. Мы такіх сьвятаў, як Дзень Незалежнасьці, не адзначаем, ні ў нашай сям’і, ні мае калегі. Вось Вялікдзень, Божае нараджэньне альбо, як у нас, каталікоў, сьвята Божага цела — з такіх сьвятаў трэба выбіраць. Каталікі й праваслаўныя належаць да розных канфэсіяў, але гэта наш адзіны Бог, і мы павінны быць разам, мне здаецца”.

(Спадар: ) “Раство Хрыстова павінна, мне здаецца, яднаць людзей. Гэта сьветлае вялікае сьвята, таму што Бог — гэта любоў. Мне здаецца, ад гэтага нікуды ня дзенесься, і гэта, па-мойму, увогуле самае галоўнае сьвята”.

(Маладзён: ) “Я мяркую, гэта мае быць сьвята, якое засяроджвае на традыцыях і накіроўвае на разьвіцьцё культуры самой беларускай нацыі. Вось, напрыклад, цяпер будзе Купальле. Мне гэтае сьвята вельмі падабаецца, тым больш — яно старажытнае. Мяркую, што такое сьвята больш людзей аб’яднала б”.

(Малады спадар: ) “Усе сьвяты запар у нас аднолькавыя: народ п’е, і пакуль людзі ня спыняцца так моцна піць, нічога ня будзе. Мне здаецца, што спачатку нацыя павінна зьмяніцца, а тады ўжо можна будзе выбіраць сьвяты”.

(Сябра: ) “Усе сапраўды на сьвятах п’яныя, у горадзе ня сьвяты, а масавыя папойкі”.

(Спадарыня: ) “А я лічу, што ня варта нічога выдумляць, бо ёсьць цудоўнае сьвята 25 сакавіка — Дзень Волі, які мог бы аб’яднаць усіх. Вось гэта самае галоўнае — дзень Незалежнасьці, дзень волі беларусаў, грамадзянаў Беларусі”.

05.07.2006
Радыё Свабода, Горадня

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1154/1296
Текущая дата: 27.12.2024