Белорусский портал в Казахстане

Каірскі міжнародны кірмаш



Каля 120 распрацовак прадставяць беларускія вучоныя на Каірскім міжнародным кірмашы ў сакавіку


Мінск       Вольга Бяляўская           БЕЛТА
 
Каля 120 навукова-тэхнічных распрацовак прадставяць ВНУ і навуковыя ўстановы Беларусі на 43-м Каірскім міжнародным кірмашы, які пройдзе 11-22 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Беларусі.
 
Свае інавацыі на кірмашы прадставяць 9 ВНУ і 3 арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сярод іх - БДУ, БНТУ, БДУІР, Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава, НПЦ па матэрыялазнаўству, Інстытут тэхналогіі металаў НАН і іншыя. Наведвальнікі кірмашу змогуць пазнаёміцца з беларускімі навуковымі дасягненнямі ў галіне мікраэлектронікі, сельскай гаспадаркі, экалогіі, ліцця металаў, лазерных і ЗВЧ-тэхналогій, новых матэрыялаў і г.д.
 
Праграма кірмашу ўключае розныя тэматычныя семінары і дзелавыя сустрэчы. Плануецца, што беларуская дэлегацыя правядзе перагаворы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, навуковых інстытутаў і цэнтраў Егіпта, у час якіх будуць устаноўлены новыя дзелавыя кантакты з прадпрыемствамі і кампаніямі гэтай краіны.
 
Каірскі міжнародны кірмаш - адна з самых вядомых і наведваемых падзей у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Мерапрыемства накіравана на садзейнічанне мясцовым і замежным прадпрыемствам і гандлёвым кампаніям ва ўстанаўленні супрацоўніцтва, пашырэнні рынкаў збыту іх прадукцыі і паслуг, развіцці вытворчай, дзелавой і імпартна-экспартнай дзейнасці. На кірмашы шырока прадстаўлена прамысловая прадукцыя. У мінулым годзе ў кірмашы прынялі ўдзел больш як 1,3 тыс. экспанентаў, з іх 330 міжнародных кампаній. Экспазіцыю наведалі больш як 1,4 млн. чалавек. Арганізатарам мерапрыемства выступае Генеральная арганізацыя міжнародных выстаў і кірмашоў (GOIEF) пад эгідай Міністэрства гандлю і прамысловасці Егіпта.  
 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/1166/253
Текущая дата: 25.12.2024