Белорусский портал в Казахстане

Вярхоўны Суд пакінуў прысуд па справе Герасімені і Апейкіна без змены



Вярхоўны Суд 24-га сакавіка, разгледзеўшы апеляцыю па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, пакінуў прысуд без змены, апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.

Гэта значыць, што прысуд судовай калегіі Мінскага гарадскога суда ад 26 снежня ўступіў у законную сілу: абодвум фігурантам па 12 гадоў калоніі. Герасімені прызначанае адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, Апейкіну — у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней Мінгарсуд задаволіў грамадзянскія іскі ДУ «Белспортазабеспячэнне», а таксама Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор’я і Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту. З абвінавачаных вырашана салідарна спагнаць маёмасную шкоду: на карысць Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор’я — больш за Br22 150, ДУ «Белспортазабеспячэнне» — Br571 300, Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту — больш за Br86 650.

Як паведамлялася, Герасіменя і Апейкін стварылі незарэгістраванае ў Беларусі аб’яднанне «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці».

Са жніўня 2020 года па 20 мая 2022 года праз СМІ і інтэрнэт распаўсюджвалі загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія адбываліся ў краіне, аб ходзе і выніках выбарчай кампаніі 2020 года.

Звязда, 24 сакавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/122/68756
Текущая дата: 18.11.2024