Нядаўні трохдзённы візіт у Беларусь нашчадкаў класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага хоць і не насіў характару афіцыйнага, але суправаджаўся ўвагай на высокім узроўні, шырока асвятляўся ў нацыянальных СМІ.
Пачаткам насычанай праграмы стала наведванне 8 лютага Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, сустрэча з міністрам культуры Анатолем Маркевічам. Наступнай кропкай значыўся Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, дзе, уласна, і вялася гаворка пра мастацкае пісьменства, яго мінулае і сучаснае.
За брамай скарбаў
Для Аляксея і Наталлі Дастаеўскіх, а таксама іх чатырох дзяцей была арганізавана экскурсія па залах пастаяннай экспазіцыі і часовай выстаўцы, прысвечанай Кандрату Крапіве. Прапраўнук класіка, філолаг па адукацыі, капітан-механік флоту Валаамскага манастыра, адразу прызнаўся, што з беларускай літаратурай не знаёмы. Але ж калі прагучалі імёны Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, мусіў карэктаваць сваю першапачатковую заяву: меў уяўленне пра іх творчасць у кантэксце савецкай мастацкай практыкі.
Круглы стол «Літаратурная спадчына: Дастаеўскі і Беларусь» праходзіў з удзелам кіраўнікоў музеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага. Ва ўступным слове Сяргей Усік, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, агучыў інфармацыю пра дасягненні і актуальныя задачы, якія стаяць перад культурна-асветніцкімі ўстановамі краіны. Адзначанае было падмацавана відэаролікам «Адкрый скарбы нацыянальнай літаратуры».
Прамовы Ірыны Мацяс і Ганны Галінскай пра ролю прадстаўнікоў сем’яў беларускіх класікаў у стварэнні і функцыянаванні літаратурных музеяў выклікалі асаблівую зацікаўленасць гасцей. У гэтай сувязі нашчадкі рускага пісьменніка прыгадалі заслугі ўдавы Фёдара Дастаеўскага.
Ганна Дастаеўская (1846–1918) стала захавальніцай і публікатарам творчай спадчыны класіка. Абаронцы душэўнага спакою і матэрыяльнага дабрабыту аўтара прысвечаны раман «Браты Карамазавы», завяршальнае эпічнае палатно ў творчасці пісьменніка. Рэчы і архіўныя матэрыялы, сабраныя ёй, сталі асновай калекцыі музея Дастаеўскага ў Маскве.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца копія ліста Ганны Дастаеўскай ад 4 сакавіка 1904 г., адрасаванага Васілю Вінаградаву. Арыгінал уніката знаходзіцца ў прыватнай калекцыі, уладальнік якой дазволіў зрабіць скан дакумента. Нават у такім выглядзе ліст уяўляе сабой вялікую каштоўнасць для даследчыкаў. Гаворка ў ім ідзе пра натарыяльныя клопаты, звязаныя з афармленнем завяшчання...
На круглым стале факусіроўка ўвагі на сямейных традыцыях, якія сталі і музейнымі, паспрыяла нязмушанасці гутаркі, атмасферы адкрытасці і даверу. Арганічна прагучаў па-беларуску ўрывак з апавядання «Маленькі герой» у выкананні Міхаіла Бараноўскага, загадчыка Літаратурнага музея М.Багдановіча. Маладзейшае пакаленне Дастаеўскіх мела магчымасць параўнаць тэкст перакладу Андрэя Каляды, сінхронна звяраючы яго з арыгіналам. Больш шырокі беларуска-рускі культурны кантэкст быў ахоплены ў выступленні Людмілы Ніжэвіч «Кузьма Чорны — беларускі Дастаеўскі».
Пасля ўсяго сказанага падарункі ад музеяў госці прымалі з асаблівай зацікаўленасцю і перспектывай глыбейшага знаёмства з нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчынай. Мяркуем, у аграгарадок Дастоева, што ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, сям’я ехала з мацнейшым адчуваннем далучанасці да беларускасці.
Радаводныя повязі
У сеціве візіт нашчадкаў класіка рускай літаратуры абудзіў даўнія сумненні адносна дакументальнай пацверджанасці вытокаў радаводу пісьменніка. Пакінем у спакоі гэты сегмент грамадскага рэзанансу і ад сябе адзначым, што гістарычны статус Дастоева сёння павышаюць яго ўраджэнцы, якія пакінулі значны след у культуры і навуцы розных народаў. Апошнім часам, асабліва ў Расіі, увагу даследчыкаў прыцягвае навуковая дзейнасць вучонага-этнографа Антона Супінскага (1896–1957). Самастойнае жыццё ён пачынаў з працы народным настаўнікам у Пінскім павеце Мінскай губерні. Удзельнічаў у Першай сусветнай і Грамадзянскай войнах. Скончыў Педагагічны інстытут у Мінску і Маскоўскі археалагічны інстытут (1922). Сярод адметных публікацый беларускага перыяду — артыкул «Магільнік каля вёскі Ляток Віцебскага раёна і акругі», апублікаваны ў зборніку «Віцебшчына» (1925, т. І).
Расійскі перыяд А.Супінскага звязаны з вучобай і працай у Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, а таксама Рускім музеі (Ленінград), Інстытуце па вывучэнні народаў СССР. Даследчык стварыў экспазіцыю «Беларусь і БССР» (1933), для даведніка «Народы СССР» падрыхтаваў раздзел «Беларусы» (1932), публікаваўся ў часопісе «Советская этнография», браў удзел у шэрагу экспедыцый. Пасляваенныя гады яго жыцця звязаны з Чарапавецкім настаўніцкім інстытутам, мясцовым краязнаўчым музеем; потым была праца ў філіяле АН СССР у Рэспубліцы Комі. Абароненая ў Інстытуце этнаграфіі АН СССР кандыдацкая дысертацыя «Этнаграфічныя помнікі жытла лясной зоны СССР» (1947) напісана з улікам беларускага матэрыялу.
І яшчэ адзін важны штрых не толькі ў біяграфіі Антона Супінскага, але і ў перасячэнні лёсаў творчых людзей наогул: яго дачка Ірына стала жонкай кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча.
Невычэрпнасць класікі
Аўтар гэтых радкоў меў магчымасць прадставіць на старонках «ЛіМа» (12.11.2021) некаторыя вынікі сваёй архіўна-пошукавай працы, звязаныя з беларускай рэцэпцыяй жыцця і творчасці Фёдара Дастаеўскага ў 1920-х гг. Новыя знаходкі звязаны са штотыднёвікам «Беларускія ведамасці» (Вільня, 1921–1922), які выпускаў і рэдагаваў Максім Гарэцкі.
На старонках газеты ад 14 снежня 1921 г. было надрукавана апавяданне «Дурны вучыцель» М.Гарэцкага з характэрным падзагалоўкампрысвячэннем: «К сталеццю нарадзін Ф. М. Дастаеўскага». Падзеі апавядання разгортваюцца на беларускім культурным ландшафце (Мсціслаўль, Шамаўская воласць, Купалле), з падкрэслена нацыянальнай іменнай традыцыяй (Кубраковіч, Бекарэвіч). Праблема вырашэння складаных філасофскіх праблем паўстае ў настаўніцкім і святарскім мясцовым асяроддзі — правобразе нацыянальнай інтэлігенцыі. Увага сфакусавана на «нешчаслівай гісторыі» Якуба Цімохавіча Кубраковіча, які з першых радкоў твора паўстае ў нетрывіяльным абліччы, знаёмым нам па некаторых персанажах раманаў Фёдара Дастаеўскага. Адметна, што псіхічны надлом, справакаваны маральна-філасофскімі пошукамі, здарыўся з чалавекам, ад продкаў улучаным у праваслаўную падзвіжніцкую традыцыю: «Відаць, дзед яго ці прадзед хадзіў па свеце кубраком — значыцца, збіраў на збудаванне новых ці ўхарашэнне старых цэркваў, — адкуль і прозвішча ўзялося: Кубраковічы».
Наступныя публікацыі апавядання звязаны з шэрагам трансфармацый, што, на нашу думку, істотна прыглушаюць канцэптуальнае гучанне празаічнага твора, з’яўленне на свет якога было звязана з юбілеем класіка рускай літаратуры. У зборніку М. Гарэцкага «Досвіткі» (Мінск, 1926) назва зменена («Дурны вучыцель» → «Дурны настаўнік»), прыбраны падзагаловак-прысвячэнне Ф.Дастаеўскаму, пра які не згадана і ў «Заўвагах» да «Выбранага» (1960). Знакавае тэкставае афармленне віленскай публікацыі апавядання ўпершыню пасля 1921 г. закрануў Дзмітрый Бугаёў у каментарыях да «Выбраных твораў» (1973, т. 1). У Зборы твораў М.Гарэцкага ў 4 тамах (т. 1, 1984) пры публікацыі апавядання, арыентаванай на «Досвіткі», падзагаловак-прысвячэнне адсутнічае і ў асноўным корпусе мастацкага тэксту, і ў каментарыях да яго...
У наступным пасля апублікавання «Дурнога вучыцеля» нумары «Беларускіх ведамасцей» ад 20 снежня 1921 г. была змешчана абвестка з адметным шрыфтавым афармленнем тэксту (захоўваем правапіс арыгінала):
«УСІХ, ЗНАЮЧЫХ АДРАС ДАЧКІ
Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага
ЛЮБОВІ (цяпер знаходзіцца ў Заходняй Эўропе),
пільна просім прыслаць яго ў рэдакцыю „Белар.
Ведам.“ (Wilno, Ostrobramska 9) або паказаць
пеўны спосаб пераслаць ёй пісьмо».
Можна меркаваць, публічны запыт якраз і рабіў рэдактар-выдавец газеты Максім Гарэцкі. На тое, што спадзяванні звязацца такім чынам з дачкой класіка літаратуры былі не беспадстаўнымі, указваюць непасрэдныя сувязі беларускага перыядычнага выдання з рускімі эмігранцкімі арганізацыямі, у тым ліку ў Германіі. Так, у «Беларускіх ведамасцях» ад 14 снежня 1921 г. апублікаваны рэкламны тэкст на рускай мове кнігавыдавецтва «Аргонавты» (Берлін) з паведамленнем аб хуткім выхадзе даведніка-альманаха з інфармацыяй пра рускія ўстановы за мяжой, умовы паступлення ў ВНУ, найважнейшыя звесткі пра наваствораныя дзяржавы Еўропы (асобны раздзел прысвечаны Савецкаму Саюзу), а таксама багаты літаратурна-навукова-мастацкі матэрыял з партрэтамі, ілюстрацыямі і картамі. Пададзены адрас для папярэдніх заказаў у Берліне.
Любоў Дастаеўская (1869–1926) з 1913 г. пастаянна жыла за мяжой. На яе ўласным творчым рахунку — зборнік апавяданняў і два раманы, выдадзеныя яшчэ на радзіме. Але найбольшую вядомасць, найперш у эмігранцкім асяроддзі (падпісвалася імем, пераніцаваным на французскі лад, — Эмэ / Aimée), дачцэ славутага рускага пісьменніка прынесла кніга, якая пабачыла свет у Германіі, — «Дастаеўскі, апісаны яго дачкой Эмэ Дастаеўскай» (Мюнхен, 1920). (У Расіі названая кніга ў скарочаным варыянце была апублікавана ў 1922 г. Поўны тэкст мемуараў у новым перакладзе з нямецкай мовы выйшаў у Санкт-Пецярбургу ў 1992 г., у перакладзе з французскай — у Маскве ў 2017-м.)
Пасля смерці Л.Дастаеўскай у Італіі толькі невялікая частка яе архіва трапіла на радзіму. Невядома, ці ўдалося М.Гарэцкаму наладзіць з ёй сувязь і ці быў гэты намер беларускага пісьменніка звязаны з выхадам кнігі ўспамінаў у 1920 г. Выданне прадоўжыла сваё шэсце па Еўропе ў наступныя дзесяцігоддзі, спараджаючы дыскусіі ў асяроддзі рускіх эмігрантаў, так ці інакш прыцягваючы ўвагу да прарадзімы класіка рускай літаратуры, беларускай тэматыкі.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/127/68544
Текущая дата: 18.11.2024