Белорусский портал в Казахстане

Бабруйскія судовыя эксперты ўстанавілі асобу памерлага па металічнай пласціне



Цела ў выглядзе касцяных астанкаў было знойдзена паблізу вёскі Туркі ў лесапасадцы. Пра яго ў органы ўнутраных справаў паведаміў мясцовы жыхар, які выгульваў там сабаку.

На месца здарэння выехала следча-аператыўная група разам з судовымі экспертамі Бабруйскага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз. 

— Падчас экспертызы было ўстаноўлена, што з моманту смерці чалавека прайшло каля трох-шасці месяцаў, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Цела мужчыны было б цяжка апазнаць, калі б не металічная пласціна на месцы пазасустаўнога пералому шыйкі левай сцегнавой косткі, якую знайшоў эксперт. Менавіта пра такую асаблівую прыкмету казала жанчына, якая ў жніўні 2022 года паведаміла ў органы ўнутраных спраў аб знікненні яе 70-гадовага брата. Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была распачата крымінальная справа па факце знікнення грамадзяніна, а ў яго сястры ўзяты біялагічныя ўзоры. Спецыялісты правялі генетычныя даследаванні і зрабілі выснову, што знойдзеныя астанкі належаць 70-гадоваму вяскоўцу, які прапаў без вестак.

У ходзе расследавання крымінальнай справы следчымі устаноўлена, што смерць мужчыны не носіць крымінальнага характару.

Нэлі Зігуля
Звязда, 14 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/130/68396
Текущая дата: 18.11.2024