Белорусский портал в Казахстане

​У Магілёве абвясцілі праграму «М@rt.Кантакта-23»



Гэта адбылося падчас прэс-канферэнцыі, на якой арганізатары азнаёмілі з разыначкамі сёлетняга, XVI Міжнароднага моладзевага тэатральнага форума.

Упершыню форум стартуе не 21 сакавіка, як было, а на дзень раней. І будзе доўжыцца восем дзён — з 20 па 27 сакавіка. 

Праграма як заўсёды цікавая і насычаная. На працягу тэатральнага тыдня на сцэнах абласнога драматычнага і лялечнага тэатраў пакажуць 19 спектакляў з 4 краін — Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі.

Адкрые фестываль тэатральны праект «ТрыТфармаТ» з Мінска з пастаноўкай «Карэніна». У першы ж дзень адбудзецца монаспектакль артыста Магілёўскай філармоніі Паўла Усовіча «Я — лепшы». Беларусь на форуме прадставяць таксама абласны драматычны тэатр з камедыяй «Шалёныя грошы» і абласны лялечны тэатр з прэм’ернай пастаноўкай «Магіла Льва». Гродзенскі абласны тэатр лялек пакажа п’есу «Локіс», а тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» жартаўлівую беларускую камедыю «Мікітаў лапаць». Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапануе натхніцца музычна-пластычным творам «Пачупкі», а Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача сваім варыянтам «Фігара». Самай працяглай пастаноўкай стане фантастычная драма Гомельскага моладзевага тэатра — «451° па Фарэнгейце: шлях Кларысы» і «451° па Фарэнгейце: шлях Мілдрэд». Пастаноўка будзе ісці каля шасці гадзін!

Тры тэатры завітаюць у Магілёў з Санкт-Пецярбургу — тэатр-студыя «Невялікі драматычны тэатр», Пецярбургскі камерны тэатр «ТАК» (тэатр адкрытых кампетэнцый) і тэатр юных гледачоў ім. А. Бранцава. У рэпертуары пецярбуржцаў монаспектакль «Фауст», фарсавая гульня ў духу нямецкага кабарэ «Марыя Сцюарт» і нестандартны спектакль-урок з красамоўна гаворачай назвай «Урок».

Прыедуць і фаварыты папярэдніх фестываляў — Пермскі тэатр «Ля Моста» і Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора». 

З Казахстана чакаем дзяржаўны тэатр драмы і камедыі ім.Азербайжана Мамбетава з пастаноўкамі «Чарлі Чаплін» і «Дэтэктыў Крыстафер», а з Балгарыі — тэатр «Сляза і смех» са спектаклем «Агнес, жонка Уіла».

Нагадаем, што фестываль — не толькі паказ лепшых праектаў, але яшчэ і свайго роду творчае спаборніцтва. Вынікі, як заўсёды, будуць абвешчаны ў Міжнародны дзень тэатраў 27 сакавіка. Пераможцу форуму «М@rt. Кантакт-23», якому ўручаць галоўны прыз — «Залатая маска» — вызначыць экспертнае журы. Залатыя маскі атрымаюць і тыя два спектаклі, якія будуць прызнаны лепшыми па выніках галасавання гледачоў і на думку моладзевага журы. Астатніх ўдзельнікаў форуму ўзнагародзяць «Срэбнай маскай».

Акрамя асноўнай праграмы для каля-тэатральнай публікі запланаваныя традыцыйныя майстар-класы, творчыя сустрэчы, майстэрня маладой рэжысуры. 

— Нягледзячы ні на што, нам у чарговы раз удалося сабраць на адной пляцоўцы моладзевага форуму розныя тэатры, калектывы і спектаклі, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Сёлета для аргкамітэта самым галоўным было вярнуць фестывалю традыцыйныя формы: конкурсны складальнік, моладзевае журы, абмеркаванне спектакляў, чыткі і майстар-класы. Магілёўская тэатральная пляцоўка — унікальная, яна дазваляе маладым рэжысёрам, акцёрам і драматургам мець зносіны, выказваць свае меркаванні і абменьвацца досведам. Гэта паказчык таго, што мастацтва аб’ядноўвае.

Квіткі на спектаклі XVI Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М@rt.Кантакт-23» можна набыць у касе тэатра ужо з 30 студзеня. Кошт квіткоў — 25-45 рублёў. 

Нэлі Зігуля
Звязда, 29 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/133/68174
Текущая дата: 18.11.2024