Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўляліся падаткавікамі і кралі выручку



Падрабязнасці паведамляе УУС аблвыканкама.

У снежні ў розныя РАУС Мінскай вобласці паступілі падобныя заявы аб крадзяжах грошай у невялікіх гандлёвых аб’ектах.

Пацярпелыя тлумачылі, што да іх пад выглядам супрацоўнікаў падатковых органаў заходзілі двое мужчын. Пасля іх сыходу прадаўцы заўважалі знікненне выручкі. 

Устаноўлена, што зламыснікі прад’яўлялі ахвярам падробленыя пасведчанні і казалі, што праводзяць праверку нібыта з-за няякаснага тавару. Далей ад касіраў патрабавалася аформіць фінансавую справаздачу, раздрукаваць кантрольную стужку і зверыць чэк з сумай. Пакуль адзін з «падаткавікоў» накіроўваўся з прадстаўніком гандлёвага аб’екта на склад «для зверкі тавару», другі заставаўся пералічваць касу, забіраў выручку і... знікаў.

Аператыўнікі Міншчыны затрымалі падазраваных — раней судзімых жыхароў Магілёўскай вобласці. Следчымі заведзены крымінальныя справы за крадзеж.

На дадзены момант сума ўрону складае больш за 7,5 тысячы рублёў. Устанаўліваецца датычнасць фігурантаў да аналагічных злачынстваў у іншых рэгіёнах краіны.

Сяргей Расолька
Звязда, 4 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/139/67808
Текущая дата: 18.11.2024