Пракуратура Лунінецкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 19-гадовай мясцовай жыхаркі ва ўгоне аўтамабіля, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Выпадак адбыўся 10 жніўня. Дзяўчына адпачывала ў кампаніі сяброў. Каля шасці гадзін раніцы яна ўлучыла момант, калі прыяцелі адцягнуліся, і села за руль заведзенай машыны. Праехала фігурантка ўсяго каля 300 м, не справілася з кіраваннем і ўрэзалася ў іншы транспартны сродак. Праваахоўнікі затрымалі яе на месцы ДТЗ. Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць алкаголю ў крыві дзяўчыны. Паводле яе слоў, яна хацела праехацца па горадзе на машыне, каб прадэманстраваць навыкі кіравання. Характэрна, што абвінавачаная на той момант толькі праходзіла навучанне ў аўташколе.
Распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 214 КК. У пракуратуры вывучылі яго матэрыялы, прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, поўным і аб’ектыўным даследаванні абставінаў злачынства. Дзяўчына застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Звязда, 29 жніўня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/14/75053
Текущая дата: 14.11.2024