Белорусский портал в Казахстане

28 снежня ў Мінску пройдзе Усебеларуская піянерская ёлка



Мерапрыемства адбудзецца ў выставачным цэнтры «Белэкспа» ў рамках акцыі «Нашы дзеці».

Штогод напярэдадні Новага года 400 лепшых акцябрат і піянераў краіны сустракаюцца на галоўнай Усебеларускай піянерскай ёлцы, каб падзяліцца ўсмешкамі, планамі на будучыню і падвесці вынікі адыходзячага года. Гэта лідары абласных і рэспубліканскай дзіцячых палат, пераможцы праектаў, а таксама актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця сваёй вобласці і рэгіёна.

Адчуць атмасферу свята дзецям дапаможа казачны навагодні квэст «Цік-ток ёлка», дзе актывісты Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі сустрэнуцца з чароўнымі персанажамі: Дзедам Марозам, Снягуркай, Бабай-Ёгай і іншымі майстрамі навагодніх ператварэнняў. Разам з героямі піянеры і акцябраты створаць сучасны навагодні трэк, каб зарадзіць усіх навакольных на здзяйсненне святочных цудаў.

Акрамя таго, на пляцоўцы «Белэкспа» будуць размешчаны тэматычныя святочныя фотазоны, дзе ўсе ахвотныя змогуць зрабіць фатаграфію з талісманам піянерыі Беларусі — рысянятам Агеньчыкам.

Прыемным завяршэннем мерапрыемства для кожнага ўдзельніка стане салодкі падарунак ад Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Сяргей Расолька
Звязда, 27 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/142/67664
Текущая дата: 18.11.2024