Белорусский портал в Казахстане

Пераможцам конкурсу «Алесі» і СПБ уручылі ўзнагароды



У Доме літаратара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына», прысвечанага беларускай жанчыне.

Конкурс у дзвюх намінацыях — на найлепшы паэтычны і найлепшы празаічны твор — абвясціў у верасні гэтага года часопіс «Алеся» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. 

Удзел у творчым спаборніцтве прынялі 60 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. У шчырых, прачуленых радках удзельнікі конкурсу ўслаўлялі душэўную стойкасць і патрыятызм, працалюбства і прыгажосць беларускай жанчыны.

Вызначыць пераможцаў было няпроста, але абавязкова. Сярод добрых твораў кампетэнтнае журы вылучыла найлепшыя. Дыпломы і прызы — падпіскі на першае паўгоддзе 2023 года на часопіс «Алеся» — пераможцам конкурсу ўручылі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч і галоўны рэдактар часопіса «Алеся» Ларыса Ракоўская.

— Часопіс «Алеся» рознабакова адлюстроўвае жыццё беларускай жанчыны, адводзіць месца на сваіх старонках і літаратурнай творчасці. Конкурс «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына» — добрая ініцыятыва часопіса, — сказаў Алесь Карлюкевіч. 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі таксама адзначыў, што літаратурныя конкурсы стануць добрай традыцыяй выдання. А галоўны рэдактар «Алесі» Ларыса Ракоўская выказала меркаванне, што з дапамогай гэтых конкурсаў будуць адкрыты новыя імёны ў паэзіі і прозе. 

Сярод пераможцаў — аўтары рознага ўзросту, з розных рэгіёнаў нашай краіны. Іх творы будуць неўзабаве надрукаваныя на старонках «Алесі», і кожны, спадзяемся, знойдзе свайго чытача.

Праўда, з шасці пераможцаў двое не змаглі прыехаць на ўзнагароджанне, але яны таксама атрымалі ў падарунак падпіскі на часопіс на першае паўгоддзе наступнага года, а іх дыпломы хутка знойдуць сваіх гаспадароў. 

У намінацыі «Паэзія» першае месца заваявала Наталля Цвірко з вёскі Скрыбаўцы Шчучынскага раёна з вершам «Жанчына Радзімы маёй». Аўтар -настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў сельскай школе. Працавала ў Гродна і ў Мінску, але вярнулася да сваіх каранёў. 

Другое месца атрымала Ірына Карнаухава з Мачулішчаў Мінскага раёна. Аўтар піша не толькі вершы, але і апавяданні, песні. Найлепшым з дасланых ёю на конкурс твораў журы палічыла верш «Еще могу дать фору молодым». І гэта не проста сучасны трэнд і дэкларацыя, але жыццёвы дэвіз Ірыны Карнаухавай, якая дваццаць год таму арганізавала народны клуб паэтаў і кампазітараў «Жывіца» і з’яўляецца яго бяссменным кіраўніком.

Расціслаў Бензярук з Жабінкі на трэцім месцы — з вершам «Жонцы». Выкладаў мову і літаратуру, працаваў у жабінкаўскай газеце «Сельская праўда», зараз — на пенсіі. Аўтар многіх кніг. Цікавы факт: першае беларускамоўнае апавяданне Расціслава Бензерука для дзяцей «Ці прачнецца раніца?» было надрукавана ў 1970-м годзе ў нашым часопісе, які тады называўся «Работніца і сялянка». Затым больш за дзесяць яго казак і апавяданняў убачылі свет на старонках «Алесі».

У намінацыі «Проза» пераможцам стаў Міхась Пазнякоў (г. Мінск) з лірычна-містычным апавяданнем «Голас». У апавяданні вядомага пісьменніка юны герой вырашыў паваражыць у калядную ноч, каб пабачыць тую, з якой яму «век векаваць». І яго жаданне спраўдзілася... Зрэшты, вы самі зможаце прачытаць гэты твор — ён будзе надрукаваны ў № 1 часопіса «Алеся» за 2023 год. 

Ірына Салата з Гродна на другім месцы з апавяданнем «Жыццё пражыць...». Твор пра лёс жанчыны, якой давялося спазнаць шмат выпрабаванняў, але яна пераадолела іх дзякуючы сваёй працавітасці і жыццёвай стойкасці. Ірына Салата больш трыццаці гадоў працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, пісаць пачала ў сталым узросце і ўжо мае тры выдадзеныя кнігі. Актыўна ўдзельнічае ў літаратурным жыцці Гродзеншчыны. 

Трэцяе месца заваявала Галіна Пярун з аграгарадка Палыкавічы, што на Магілёўшчыне. Маладая пісьменніца даслала на конкурс эсэ «Беларуская жанчына», у якім імкнецца даць свой адказ на пытанне: якія яны — жанчыны Беларусі. Галіна Пярун піша прозу для дзяцей і дарослых, нядаўна ў яе выйшла кніга аповесцяў, казак для малодшых школьнікаў «Прыгоды сяброў і парады Усімдапамагайкіна». 

Паважаныя нашы аўтары, якія даслалі свае работы, але не патрапілі ў лік лаўрэатаў конкурсу! Дзякуем вам усім за ўдзел у творчым спаборніцтве, за цікавасць да тэмы конкурсу і да нашага часопіса, за ваша імкненне ператвараць жыццёвыя ўражанні ў мастацкае слова. Не засмучайцеся, бо неўзабаве  стартуе новы літаратурны конкурс. Сачыце за абвесткамі. Да новых сустрэч!

Аўтар: Алена Брава
Звязда, 28 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/142/67777
Текущая дата: 18.11.2024