Аб гэтым паведамляе Нацыянальны парк «Прыпяцкі».
У нацпарку стартаваў конкурс на самае цікавае, крэатыўнае і шчырае пісьмо Палескаму Зюзі, які размяшчаецца ў мясцовай рэзідэнцыі. Гэта актыўнасць для тых, хто верыць у цуд, чараўніцтва і спаўненне жаданняў, а таксама магчымасць прыгожа падвесці вынікі адыходзячага года і абазначыць планы на новы, 2023-і.
«Няважна, дзіця вы або дарослы, — удзельнічаць могуць усе. Пішыце ў пісьме ўсё, што ваша душа пажадае! Тварыце, фантазіруйце, вытварайце, малюйце, даверце свае самыя шчырыя жаданні пяру і паперы без абмежаванняў і адпраўляйце Палескаму Зюзі. Магчыма, што Зюзя дапаможа спаўненню вашай запаветнай мары», — звярнуліся да патэнцыяльных удзельнікаў арганізатары.
Чароўны адрас для пісем: 247946, аг. Ляскавічы, вул. А. Глушко, 7а, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць, Рэспубліка Беларусь, Нацыянальны парк «Прыпяцкі», Палескаму Зюзі.
Аўтараў самых чуллівых пісем чакаюць падарункі. Пераможца атрымае сертыфікат на паездку ў сафары-парк і салодкі пачастунак — блін з варэннем і травяны чай. Прыз за другое месца — сертыфікат на наведванне Музея прыроды ў аг. Ляскавічы і падарунак ад Палескага Зюзі, а за трэцяе — сертыфікат на наведванне Музея пад адкрытым небам у аг. Ляскавічы і таксама падарунак ад Палескага Зюзі.
Чараўніцтва здарыцца 16 студзеня — арганізатары назавуць імёны пераможцаў. А пакуль раяць падвастрыць пяро і алоўкі, паколькі Палескі Зюзя ўжо чакае пісьма.
Звязда, 21 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/144/67542
Текущая дата: 19.11.2024