Інтэрактыўная выстава «Чараўніцтва навагодняй казкі» адкрыецца 21-га снежня ў Магілёве, паведамілі ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва.
«Незвычайная навагодняя экспазіцыя стала вынікам творчай кааперацыі Музея гісторыі Магілёва, а таксама абласных лялечнага і драматычнага тэатраў, — адзначылі ва ўстанове культуры. — Праграма выставы разлічана на сямейны адпачынак і будзе цікавая як дзецям, так і дарослым. Кожны наведвальнік акунецца ў атмасферу казкі, навагодняга цуду і любімага ўсімі свята, а таксама атрымае зарад станоўчых эмоцый. Дарэчы, такое мерапрыемства мы праводзім упершыню. Спадзяёмся, незвычайны фармат спадабаецца ўсім нашым гасцям».
На працягу дзесяці дзён, аж да 31 снежня, у выставачнай зале арганізуюць некалькі займальных заняткаў. Так, акцёры будуць чытаць навагоднія казкі, дэманстраваць лялькі і тэатральны рэквізіт, майстры і ўмельцы правядуць серыю майстар-класаў па тэмах «Самая арыгінальная елка», «Крэатыўны валёнак», «Гламурныя рукавіцы» і «Ёлачная Цацка», музейныя работнікі падрыхтавалі тэматычны занятак «Навагодняе падарожжа». Акрамя таго, жыхароў Магілёва і гасцей горада чакаюць віктарыны, гульні і загадкі, для аматараў сэлфі будзе арганізавана святочная фотазона.
Звязда, 21 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/144/67547
Текущая дата: 19.11.2024