Белорусский портал в Казахстане

Зімовы баль замацаваў пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ПалесДУ і Інстытутам пагранслужбы



Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і Інстытут пагранічнай службы заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведаміла начальніца аддзела па сувязях з грамадскасцю ПалесДУ Крысціна Шастакова.

Дакумент падпісалі рэктар ПалесДУ Валерый Дунай і начальнік Інстытута генерал-маёр Сяргей Жылінскі. Установы маюць намер наладзіць цеснае ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі і навукі, грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Афіцыйную частку сустрэчы працягнуў зімовы баль, які адбыўся ў культурна-дасугавым цэнтры ўніверсітэта. Упершыню ўдзельнікамі традыцыйнага мерапрыемства ВНУ сталі курсанты і маладыя афіцэры Пінскага пагранатрада.

Удзельнікаў святочнага вечара павіталі кіраўнікі навучальных устаноў. «Сённяшні баль — гэта даніна традыцыям, месца сустрэч і зносін. Нашы госці — маладыя людзі, якія выбралі самую высакародную і мужную прафесію — абараняць нашу з вамі радзіму», — сказаў рэктар ПалесДУ. А Сяргей Жылінскі павіншаваў усіх з надыходзячымі навагоднімі святамі і пажадаў дабра, міру і дабрабыту.

Звязда, 11 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/147/67409
Текущая дата: 19.11.2024