Белорусский портал в Казахстане

Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю «Песняры» за значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь»



Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства культуры нумар 82 ад 21 кастрычніка 2022 года, паведамляе адміністратар ансамбля Тамара Шахназарава.

У ансамблі за многія гады змянілася не адно пакаленне музыкантаў. Сёння ў яго склад уваходзяць: Раман Козыраў (дырэктар — мастацкі кіраўнік; клавішныя, вакал), Алег Жалезнякоў (вакал, акустычная гітара), Юрый Туравец (барабаны), Сяргей Баёк (вакал, бас-гітара), Артур Міхайлаў і Ігар Дударчык (вакал) і Сяргей Гарбацкі (вакал, гітара).

«Традыцыі легендарнага ансамбля даверана прадаўжаць маладому пакаленню таленавітых артыстаў. Яны з’яўляюцца дастойнымі правапераемнікамі і прадаўжальнікамі найбагацейшай творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна», — сказала Тамара Шахназарава.

Артысты ансамбля «Песняры» беражліва захоўваюць свой залаты песенны фонд, усе музычныя традыцыі і непаўторны стыль легендарнага калектыву, развіваюць і ўзбагачаюць рэпертуар ансамбля, выпускаючы новыя песні, альбомы, канцэртныя праграмы, актыўна гастралююць у Беларусі і за яе межамі.

«Геаграфія гастроляў калектыву шырокая — Расія, Грузія, Узбекістан, Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Ліван, Азербайджан, Кыргызстан, Арменія, Украіна, Малдова, Літва, Таджыкістан, Францыя. І ў кожнай краіне выступленні ансамбля “Песняры” з цеплынёй і радасцю сустракаюцца гледачамі», — падкрэсліла адміністратар.

«Вологда», «Молодость моя, Белоруссия», «Беловежская пуща», «За полчаса до весны», «Касіў Ясь канюшыну», «Наши любимые»... Няма ў Беларусі і далёка за яе межамі чалавека, які не ведае і не чуў гэтыя песні. Не знойдзецца і таго, хто не ведае Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» — музычную візітную картку Рэспублікі Беларусь. Гэты легендарны ансамбль быў створаны Уладзімірам Мулявіным у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя і за паўвекавую гісторыю свайго існавання атрымаў прызнанне і бязмежную любоў многіх пакаленняў слухачоў», — дадала Тамара Шахназарава.

Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» — пастаянны ўдзельнік усіх знакавых культурных мерапрыемстваў у Беларусі: міжнародных і рэгіянальных фестываляў, дзяржаўных свят, канцэртаў, прысвечаных памятным датам і падзеям.

«Калектыў мае найбагацейшы рэпертуар, які складаецца з залатога песеннага фонду “Песняроў”, а таксама новых кампазіцый, створаных у стылістыцы знакамітага калектыву», — адзначыла адміністратар ансамбля.

Звязда, 24 кастрычника 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/157/66893
Текущая дата: 19.11.2024