Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць бяспеку важнейшых аб`ектаў на выпадак, калі яны трапяць пад кібератакі. Але пры гэтым не ствараць для рэалізацыі такіх задач дадатковыя структуры



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па тэме кібербяспекі.

"Ва ўсім свеце (магчыма, для нас так не характэрна, але тым не менш факты маюць месца быць) рост назіраецца кібератак", - звярнуў увагу беларускі лідар. Прычым атакуюць перш за ўсё стратэгічныя аб`екты, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, банкаўскую сістэму.

"Гэта значыць, мэтай іх з`яўляюцца асноўныя пункты жыццезабеспячэння любой дзяржавы, у тым ліку і нашай. Гэта адзін з элементаў гібрыднай вайны, вельмі небяспечны элемент. Мэта - нанесці максімальны ўрон эканоміцы і дэстабілізаваць у выніку грамадства. Характэрна не толькі для Беларусі, але і для любых дзяржаў, на якія накіравана гэта атака", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней адказным асобам было даручана ўнесці прапановы па максімальным процідзеянні кібератакам на аб`екты Беларусі. Аператыўна-аналітычны цэнтр павінен быў прыцягнуць неабходных спецыялістаў і падрыхтаваць адпаведныя прапановы.

"Давайце гэтыя прапановы разгледзім. Але хачу папярэдзіць наконт стварэння якіх-небудзь дадатковых цэнтраў і структур, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Спачатку вы мне павінны прапанаваць засцерагчы ад небяспекі нашу дзяржаву з улікам таго, што ў нас ёсць. Лішніх грошай няма для таго, каб хадзіць адзін за адным і нешта назіраць. Давайце будзем зыходзіць з таго, што мэты мы вызначылі, ведаем, што такое кібервайна, што такое кібербяспека. Усё гэта ў нашай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі прапісана. Далей мы павінны разумець і разумеем, на што будзе накіравана кібератака. Дык вось, напэўна, гэтыя аб`екты на месцы трэба і абараняць. Будзем зыходзіць з гэтага. А не ствараць новы ўрад, міністэрства або, як у нас прынята, цэнтры бяспекі для таго, каб назіраць. Чаго назіраць? Трэба ствараць сістэму бяспекі на тых аб`ектах, якія будуць атакаваны ў выпадку кібервайны".

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што гатовы выслухаць іншы пункт гледжання, калі ён ёсць ва ўдзельнікаў нарады, у ліку якіх - начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка, прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Любое меркаванне або прапанова прысутных на тэму забеспячэння кібербяспекі павінны быць прадуманымі і абгрунтаванымі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы: "Можа, вы нешта іншае выпрацавалі. Вы доўга над гэтым працавалі, таму я гатовы вас выслухаць. Але хацеў бы, каб абверглі тое, што я сказаў, калі ў вас іншы пункт гледжання".

Як расказаў журналістам па выніках нарады Андрэй Паўлючэнка, пытанні кібербяспекі з`яўляюцца неад`емнай часткай нацыянальнай бяспекі і яны заўсёды знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы.

"Прэзідэнтам была пастаўлена задача распрацаваць нацыянальную канцэпцыю кібербяспекі", - сказаў кіраўнік ААЦ. Паводле яго слоў, Прэзідэнт даручыў дэталёва прапрацаваць дакумент у гэтай сферы для таго, каб ён быў сістэмным і маштабным, ахопліваў розныя сферы і адпавядаў сучасным выклікам і пагрозам. У ААЦ выкананнем пастаўленай задачы будзе займацца цэнтр кампетэнцыі і кваліфікаваныя спецыялісты.

Андрэй Паўлючэнка адзначыў, што для выбудоўвання нацыянальнай сістэмы забеспячэння кібербяспекі ў Беларусі ёсць і ўласныя напрацоўкі, але таксама выкарыстоўваецца і практыка іншых краін. У сучасным свеце з кібератакамі сутыкаюцца ўсе. У Беларусі такія атакі зведалі сферы лагістыкі, транспарту, энергетыкі.

Адказваючы на пытанне, як беларускія службы спраўляюцца з такім уздзеяннем, Андрэй Паўлючэнка сказаў: "Гэта як спрадвечная барацьба снарада і брані. Няма мяжы дасканаласці. Ніводная краіна ў свеце цяпер не можа сказаць, што дасягнула пэўных вышынь або канчатковага выніку - мы перамаглі, з усім справіліся, мы ўсяго дасягнулі. Гэта пастаянны працэс. Чым больш дасканалай становіцца інфраструктура, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тым больш вераломнымі становяцца спробы цэлых кібергруп, кіберзлачынцаў узламаць, выкрасці дадзеныя, шантажаваць або паралізаваць нейкія сістэмы".



25 кастрычніка 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/157/66909
Текущая дата: 19.11.2024