Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка пра Еўропу: нам такая дэмакратыя не патрэбна, мы павінны жыць сваім розумам



Беларусы павінны жыць сваім розумам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў журналістам на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў жыхароў Еўропы цяпер вельмі шмат праблем, і яны патрабуюць ад сваіх улад іх вырашэння. Праўда, насустрач ім ідуць далёка не заўсёды.

«Людзі просяць, людзі просяць, людзі просяць. А чаго вы іх просіце? Яны ж ад вас незалежныя, і вы ад іх незалежныя. У Вялікабрытаніі пасмешышча: які народ там выбіраў Ліз Трас? Ядзерная краіна, на ўсялякі выпадак, ядзерная дзяржава. Вельмі багатая і адыгрывае адну з ключавых роляў у свеце. Пасмешышча», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Нядаўна прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Ліз Трас падала ў адстаўку. Цяпер у краіне жартуюць (і гэта нават не жарт, а факты), што дзеці, якія нарадзіліся некалькі месяцаў таму, перажылі ўжо двух манархаў і прэм’ераў.

«Лепш не скажаш. Такая ў іх дэмакратыя. Нам такая дэмакратыя не патрэбна. Учора пры абмеркаванні шэрага ключавых законаў, якія датычацца ўлады, пераразмеркавання, надзялення ўладай, я катэгарычна папярэдзіў распрацоўшчыкаў, усіх, хто там былі — вярхі нашай краіны: рабіце толькі для сябе. Гэта не новы тэзіс, я і да выбараў аб гэтым гаварыў. Сваё, сваё, толькі для сябе. Не глядзіце на тое, што будуць нам падкідваць нейкую дэмакратыю, рыначную эканоміку і іншае. Я гэта даўно ўжо зразумеў і адчуў. Таму трэба рабіць толькі для сябе, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба жыць сваім розумам. Трэба рабіць тое, што выгадна нам. Да чаго гатовы мы, наш народ».

«Можаце рэгуляваць цэны — рэгулюйце. Можаце кіраваць прадпрыемствамі — кіруйце. Не можаце кіраваць гэтымі прадпрыемствамі — тады глядзіце на прыватызацыю. Калі яны развальваюцца, лепш каму-небудзь прадаць. Калі цэны не можаш кантраляваць, рэгуляваць, не лезь у гэты працэс. Гэта значыць, трэба зыходзіць з рэчаіснасці. Калі нам патрэбны гэтыя квадракоптары і станцыі знішчэння квадракоптараў, давай будзем іх рабіць. Калі не патрэбны — не трэба», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «рыначны» Захад ужо сам стаў рэгуляваць цэны, прычым на энерганосьбіты чужых дзяржаў. А на фоне рашэння Саудаўскай Аравіі і іншых членаў АПЕК+ знізіць здабычу нафты супраць гэтай краіны ўжо рыхтуюцца ледзь ці не ўводзіць санкцыі.

«Вось вам рыначная эканоміка. А дэмакратыя? — сказаў Прэзідэнт. — Вось, калі б гэта ў Мінску „дэмакратызавалі“ дубінкамі — гэта катастрофа, аўтарытарызм, дыктатура, а ў Францыі можна. Вось і ўся дэмакратыя».

Звязда, 21 кастрычніка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/158/66849
Текущая дата: 19.11.2024