Канцэпцыю развіцця адвакатуры Беларусі да 2030 года прынялі 7-га ліпеня на першым з`ездзе адвакатаў, прысвечаным 100-годдзю з дня ўтварэння адвакатуры.
Канцэпцыя вызначае мэты і асноўныя напрамкі ўдасканалення адвакацкай дзейнасці пад уплывам канстытуцыйных змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэферэндуме 27 лютага 2022 года.
"Рэалізацыя канцэпцыі будзе садзейнічаць з`яднанню адвакацкай супольнасці, уключэнню ўсіх адвакатаў у падрыхтоўку і прыняцце актуальных рашэнняў па адвакацкай дзейнасці. Выкананню гэтай задачы будзе садзейнічаць аднаўленне дзейнасці З`езда адвакатаў як вышэйшага органа адвакацкага самакіравання", - сказаў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў.
Дакумент прадугледжвае стварэнне дадатковых (дарадчых або кансультатыўных) органаў пры саветах тэрытарыяльных калегій, а таксама пры савеце БРКА.
"Перш за ўсё размова ідзе аб стварэнні камісій па этыцы, якія будуць прыцягвацца да разгляду дысцыплінарных спраў. У склад такіх камісій павінны ўвайсці найбольш аўтарытэтныя і вопытныя адвакаты. Работа такіх камісій будзе садзейнічаць прыняццю справядлівых і абгрунтаваных рашэнняў", - растлумачыў ён.
Акрамя таго, прапануецца стварыць Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва, каб павышаць эфектыўнасць работы ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва. Ён будзе адказваць за ўстанаўленне кантактаў з адвакацкімі ўтварэннямі за мяжой, за арганізацыю спецыялізаваных праграм прафесійнага абмену і стажыровак, канферэнцый, семінараў з удзелам замежных экспертаў і лектараў, павышэнне кваліфікацыі беларускіх адвакатаў за мяжой, аналіз і абагульненне практыкі рэгулявання адвакацкай дзейнасці ў замежных краінах.
"Комплекс мерапрыемстваў накіраваны на павышэнне якасці работы і прафесійнай кваліфікацыі адвакатаў. Прапануецца распрацаваць і зацвердзіць стандарты павышэння прафесійнага ўзроўню для адвакатаў з розным стажам работы і спецыялізацыяй. Пры наяўнасці неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы ў перспектыве прадугледжана стварэнне вучэбна-метадычнага цэнтра пры БРКА на аснове сучасных тэхналогій з укараненнем дыстанцыйных форм навучання", - падкрэсліў Аляксей Швакаў.
У цэлым канцэпцыя прызначана забяспечыць даступную і якасную юрыдычную дапамогу грамадзянам і юрыдычным асобам у Беларусі.
7 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА
7 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/176/65694
Текущая дата: 19.11.2024