Белорусский портал в Казахстане

Падчас правядзення фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» БЧ традыцыйна прызначыла дадатковы цягнік



Пра гэта інфармуе прэс-цэнтр магістралі.

Беларуская чыгунка падчас правядзення XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску 2022» прызначыла цягнік міжрэгіянальных ліній № 644/643 Мінск — Віцебск. 

Расклад руху цягніка складзены з улікам праграмы правядзення фестывалю. Ён будзе курсаваць штодзень з Мінска з 13 па 18 ліпеня, з Віцебска — з 14 па 19 ліпеня.

Са станцыі Мінск-Пасажырскі цягнік адправіцца ў 12.28 і прыбудзе ў Віцебск у 16.05. Пасля завяршэння канцэртнай праграмы госці фестывалю на гэтым жа цягніку змогуць вярнуцца ў Мінск. З Віцебска ён будзе адпраўляцца ноччу ў 1.30 і прыбываць у сталіцу Беларусі раніцай у 5.40.

У дарозе з Мінска ў Віцебск пасажыры змогуць пазнаёміцца з гісторыяй фестывалю і праграмай яго правядзення сёлета. Таксама інтэр’ер вагонаў будзе аформлены з выкарыстаннем сімволікі форума.

Апроч таго, на чыгуначных вакзалах у Мінску і Віцебску пасажыраў праінфармуюць аб магчымасці праезду на фестываль «Славянскі базар у Віцебску» чыгуначным транспартам.

Цягнік на «Славянскі базар у Віцебску» традыцыйна карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей краіны.

Продаж праязных дакументаў (білетаў) на цягнік міжрэгіянальных ліній № 644/643 Мінск — Віцебск ужо адкрыты.

Сяргей Расолька
Звязда, 2 чэрвеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/183/65270
Текущая дата: 20.11.2024