Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка расказаў, якім бачыць народнае апалчэнне ў Беларусі



Прэзідэнт Беларусі, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў, навошта спатрэбілася ствараць народнае апалчэнне і якім яно будзе.

Прэзідэнт нагадаў, што некаторы час таму па яго ініцыятыве было прынята рашэнне аб стварэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны. "Таму што ніхто не будзе абараняць свой дом, як ты сам", - заўважыў беларускі лідар.

Аднак бескантрольнай раздачы зброі, як гэта здарылася ва Украіне, быць не павінна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Усе нашы тэрытарыялы прыпісаны, арганізаваны ў палкі, батальёны. Мы ведаем прозвішчы, усе іх даныя. І зброя для іх падрыхтавана - на кожны раён, кожны батальён", - растлумачыў ён.

Улічвалася таксама і негатыўная ўкраінская практыка, калі з-за недахопу людзей давялося прызываць мужчын старэйшага ўзросту і тых, хто не мае армейскага вопыту. "І я падумаў, што нам на ўсякі выпадак трэба пры кожным сельскім Савеце мець вось гэта народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для абучэння - яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. У выпадку ваенных дзеянняў атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны", - дапусціў ён.

Прэзідэнт даручыў адпаведным службовым асобам прапрацаваць пытанне, як будзе арганізавана народнае апалчэнне і як будуць абучаць валоданню асноўнымі відамі зброі.

Прадаўжаючы тэму ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка прыгадаў аб сваёй нядаўняй сустрэчы з Ігарам Шуневічам, старшынёй Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР), у якое ўваходзіць больш за 90 тыс. чалавек, якія ўмеюць карыстацца зброяй.

"Я гавару: "Вы будзеце ўбаку? Паўтары нашы цяперашнія арміі. Давайце хаця б тысяч пяць (гэта выдатныя стралкі), мы падумаем, як іх даўзброіць". Ён гаворыць: "Не, не трэба, у нас усё ёсць", - раскрыў падрабязнасці праведзенай размовы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў перад кіраўніком БТПР канкрэтную задачу: "Твая задача - пяць тысяч. Будзеш камандуючым гэтым корпусам або брыгадай. Задача зразумелая. Пяць тысяч падрыхтаваных людзей - гэта сіла".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім рашэнні ўзброіць супрацоўнікаў МНС, каб у выпадку канфлікту або ваенных дзеянняў задзейнічаць іх у ваенных мэтах нараўне з арміяй.

Гаворачы аб мэтазгоднасці стварэння народнага апалчэння, Прэзідэнт падкрэсліў: "Гэта не проста так зроблена. Гэта ўсё ад зямлі. Няхай людзі вучацца валодаць зброяй, у гэтым няма нічога дрэннага. Якраз кожная сям`я зможа свой дом, пасёлак, вёску абараніць. Гэта вынікае з вопыту расійска-ўкраінскага канфлікту і ад зямлі".

Аб тым, што ў Беларусі могуць стварыць народнае апалчэнне, 27 мая журналістам заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін. На штогадовым зборы з кіраўнікамі зон тэрытарыяльнай абароны ён расказаў, што ў час нарады па развіцці Узброеных Сіл кіраўнік дзяржавы паставіў адпаведную задачу.

"Мы бачым, што гэта пытанне таксама вельмі важнае. Галоўнае, што ў нас ёсць для гэтага людзі і ўзбраенне. Сапраўды, колькасць абаронцаў нашай краіны можа павялічыцца ў разы. Гэта мае вялікае значэнне ў абстаноўцы, што склалася. Адказ будзе адэкватным, калі нехта прыйдзе на нашу зямлю", - сказаў Віктар Хрэнін.

Міністр адзначыў асаблівую актуальнасць тэрытарыяльнай абароны ў няпростай ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі.

"Тэрытарыяльная абарона можа аказаць вырашальнае дзеянне ва ўзброеным канфлікце. Таму што арміі выйграюць бітвы, а народ атрымлівае перамогу ў вайне", - падкрэсліў Віктар Хрэнін.

Ён з задавальненнем адзначыў, што сёння ў Беларусі няма ніводнага кіраўніка абласнога або раённага ўзроўню, які не ўдзяляў бы пільнай увагі пытанням тэрытарыяльнай абароны. Міністр заявіў, што на карысць гэтага сведчаць як планавыя мерапрыемствы, так і раптоўныя праверкі.

3 чэрвеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/183/65280
Текущая дата: 20.11.2024