Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі зацвердзіў план падтрымкі эканомікі



Адпаведны дакумент падпісаў прэм’ер-міністр, паведамілі ва ўрадзе.

План прадугледжвае падтрымку экспарту і пашырэнне крэдытавання экспарцёраў незалежна ад рынку паставак беларускай прадукцыі; зніжэнне мытных пошлін для імпартных тавараў, неабходных для вытворчасці на экспарт; магчымасць рэструктурызацыі запазычанасці і выплаты пеняў па мытных плацяжах; выбудоўванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў для перанакіравання экспартных патокаў.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае работу з расійскімі калегамі па пытаннях павелічэння квот, а ў перспектыве — адмену дазвольнай сістэмы перавозак грузаў і кабатажу для беларускіх аўтаперавозчыкаў; стварэнне з Расійскай Федэрацыяй сумесных імпартазамяшчальных вытворчасцей; дадатковую фінансавую падтрымку для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія будуць выпускаць прадукцыю, якая не вырабляецца ў Беларусі і Расіі; вызваленне бізнесу ад адміністрацыйнай адказнасці па выніках праверак за ўпершыню дапушчаныя і ненаўмысныя парушэнні.

Акрамя таго, план прадугледжвае прадастаўленне арганізацыям права на атрыманне субсідый з ФСАН для даплат работнікам, а таксама дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі некаторым катэгорыям грамадзян у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі зыходзячы з даходаў, атрыманых за тры месяцы; магчымасць прадастаўлення рэзідэнтам ПВТ даступных ільгот і прэферэнцый па аналогіі з мерамі, прынятымі ў Расіі, у тым ліку правы на адтэрміноўку ад прызыву на ваенную службу. Грашовыя даходы, пенсіі, дапаможнікі будуць індэксавацца да ўзроўню інфляцыі.

Прадугледжаны і меры лакальнага характару па падтрымцы прамысловасці, будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі, транспарту і турызму.

План комплексны і дасць магчымасць падтрымаць арганізацыі рэальнага сектара эканомікі і іх працоўныя калектывы, забяспечыць выкананне прадпрыемствамі бягучых абавязацельстваў, захаваць працоўныя месцы і даходы насельніцтва.

Звязда, 7 кастрычніка 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/195/64478
Текущая дата: 20.11.2024