За суткі ў Беларусь прыбылі 542 грамадзяніны Украіны, у тым ліку 118 транзітам праз краіны ЕС, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь.
З 6.00 21 сакавіка па 6.00 22 сакавіка ў Рэспубліку Беларусь з украінскай тэрыторыі прыбылі 424 грамадзяніны Украіны. Акрамя таго, транзітам праз Польшчу ў Беларусь прыбылі 110 грамадзян, яшчэ 6 прыбылі праз Літву і 2 — праз Латвію.
Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, беларускі бок забяспечвае грамадзян Украіны, якія звярнуліся па дапамогу, месцамі для часовага пражывання.
Акрамя таго, паблізу прыгранічнай вёскі Гдзень Гомельскай вобласці Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа разгорнуты мабільны пункт абагравання. Грамадзянам прадастаўляецца неабходная дапамога адразу пасля іх прыбыцця ў Беларусь. Аналагічны комплекс абсталяваны паблізу пункта спрошчанага пропуску «Паддабранка».
Пункты пропуску Беларусі працуюць у штатным рэжыме. Украінскі бок прыпыніў работу сваіх пагранпераходаў на граніцы з Беларуссю.
Звязда, 22 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/200/64174
Текущая дата: 20.11.2024