Белорусский портал в Казахстане

Голас старажытнай Каложы: калі ў Гродне можна пачуць новую званіцу



Новая званіца – гэта не копія страчанай у пасляваенны час каложскай званіцы, а сучасная пабудова, таму яе ўзвялі за межамі тэрыторыі храма.

Новая званіца, якую пабудавалі каля самага старажытнага праваслаўнага храма Беларусі – Каложскай царквы, – абяцае стаць яшчэ адной славутасцю для турыстаў.

Новая нагода, каб пабываць у Каложы – паслухаць, як тут гучаць званы.

Нядзельны звон

Як распавёў настаяцель царквы айцец Аляксандр Балоннікаў, пачуць, як гучаць званы, жыхары Гродна змогуць кожную нядзелю ў 9:45 – за 15 хвілін да пачатку богаслужэння.

Новую званіцу з дзевяццю званамі пачалі будаваць у канцы красавіка і завяршылі на мінулым тыдні. Гэты часовы будынак з дрэва, над дахам узвышаецца крыж, дэкараваны ўстаўкамі з каляровага вітражнага шкла і па стылістыцы падобны на ​​маёлікавыя крыжы старажытнай Каложы.

Храм функцыянаваў без званіцы шмат гадоў. Пытанне аб яе будаўніцтве ўзнімалася неаднаразова, бо музыка званоў лічыцца часткай урачыстых богаслужэнняў. Званіцу размясцілі на ўзвышшы – лявей ад дарожкі, якая вядзе да царквы і за межамі яе тэрыторыі. Зараз поўнасцю гатова сама званіца, але не абсталяваны лесвіца і дарожка да яе.

Дзевяць званоў з унікальным дызайнам

Ужо зараз кожны дзень да званіцы прыходзяць турысты, каб паглядзець на яе зблізку. Пабудова агароджана, заходзіць на пляцоўку і месца званара нельга. Але збоку ёсць магчымасць разгледзець вялікія званы, зрабіць фота на памяць.

Цэнтральны звон важыць 1 300 кг, бакавыя – 400 і 235 кг. Яны лічацца галоўным упрыгажэннем званіцы, маюць унікальны дызайн, адліты па індывідуальным заказе на заводзе Анісімавых у Варонежы.

На цэнтральным звоне можна ўбачыць выяву вядомага гродзенскага палкаводца Давіда Гарадзенскага, святога велікамучаніка і воіна Георгія Перамаганосца. Элементамі дэкору сталі вядомыя каложскія крыжы. На самым вялікім можна прачытаць надпіс аб тым, што будаўніцтва званіцы прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

На другім па велічыні звоне знаходзяцца выявы святых Барыса і Глеба, іконы Каложскай Маці Божай і Уваскрэсення Хрыстова.

Трэцяя званіца ў гісторыі Каложы

Каложская царква за ўсю гісторыю свайго існавання двойчы заставалася без званіцы. Першапачаткова званіца была выканана з каменя ў выглядзе прыбудовы да паўднёва-заходняй сцяны – справа ад алтарнай часткі. Яна абрынулася разам са сцяной у сярэдзіне XIX стагоддзі падчас апоўзня.

У 1896 годзе страчаную сцяну замянілі драўлянай, але ўжо без званіцы. Новую званіцу пабудавалі асобна – злева ад храма. Яе можна бачыць на малюнках Напалеона Орды і іншых мастакоў канца ХІХ стагоддзя, а таксама на фатаграфіях пачатку ХХ стагоддзя. Гістарычная драўляная званіца была страчана ў ваенны ці пасляваенны час, няма інфармацыі, куды падзеліся яе званы.

Каложская царква ў Гродне лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. Яна пабудавана ў канцы XII стагоддзя. Мур сцен выкананы з валуноў і плінфы – абпаленай глінянай цэглы. У сцены ўмураваны гліняныя збаны-гласнікі, якія паляпшаюць акустыку. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спісак сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гродна, 25 траўня 2024
Sputnik, Іна Грышук

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/36/74280
Текущая дата: 26.12.2024