У экскурсійных вальерах нацыянальнага парку «Белавежская пушча» пасяліліся тарпанападобныя коні, паведамілі ў нацпарку.
Навасёлаў — двух жарабцоў і тры кабылы — запусцілі ў вальеры 6 красавіка. Яны прайшлі ветэрынарны кантроль. «Нягледзячы на перавозку, коні выглядаюць бадзёрымі і актыўнымі, хутка асвоіліся на новым месцы», — расказалі ў нацыянальным парку.
Тарпанападобныя коні — нашчадкі дзікіх лясных коней. Яны шмат у чым падобныя на сваіх продкаў: памерамі, мышастай афарбоўкай поўсці.
У Брэсцкай вобласці да гэтага дзікіх конікаў можна было сустрэць у рэспубліканскім біялагічным заказніку «Спораўскі». У канцы мінулага снежня 15 тарпанаў прывезлі, каб яны дапамаглі ў аднаўленні экасістэм поймавых лугоў. На каранціне яны прабылі крыху больш за месяц, а затым іх выпусцілі на вольны выпас ва ўгоддзі заказніка. У «Спораўскім» тарпанападобныя коні прынеслі ўжо прыплод.
Звязда, 8 красавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/39/73610
Текущая дата: 15.11.2024